Единая информационная линия

Падарожжа ў лабірынце часу і прасторы

9 декабря 2016
Могилевская область

Задача вывучэння пытанняў  гісторыі дзяржавы і права Беларусі і па сенняшні дзень не страчвае сваей актуальтнасці. Вывучэнне мінулага роднага краю  нярэдка з’яўляецца  справай не толькі цікавай, займальнай, але таксама ў нейкай ступені і сакральнай.

Усцешна, калі ёсць што пачытаць  па гісторыі  роднага горада ці мястэчка, пагартаць пажоўклыя старонкі старажытных кніг. Але найчасцей  даследванне ператвараецца  ў  трывожныя, нервовыя блуканні ў тумановым лабірынце часу і прасторы. Так, па сутнасці,  здарылася  і на гэты раз, калі я зацікавіўся тэмай гісторыі  майго роднага  зараз гарадскога паселка, а раней мястэчка, Бялынічы.  Наогул, мінуўшчына Бялынічаў, Бялыніччыны як цяперашняй адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі яшчэ чакае свайго апантанага і ўдумлівага даследчыка. Велічная панарама таго, што тут было даўней, толькі-толькі пачынае разгортвацца.  Btlynichy2.jpg

Прычын таму шмат. Адна з іх у тым,  што паселішча заўседы стаяла крыху наўзбоч ад галоўных дарог  і ў свой час, дзякуючы надзвычай прадпрымальнаму шклаўчаніну Апалінару Крывашэіну, Бялынічам яшчэ ў дадатак не пашанцавала і з чыгункай. Наогул, пасля далучэння Бялынічаў  да расійскай імперыі у 1772 годзе тэрыторыя сучаснага Бялыніцкага раёна разам з яе насельнікамі была падзеленая  паміж дзвюмя  дзяржавамі:  Рэччу Паспалітай і Расіяй, па Друці прайшла новая дзяржаўная мяжа. У Бялынічах быў усталяваны пост Расійскай мытні, правабярэжная частка мястэчка засталася ў Рэчы Паспалітай. 

          Але,  ўся сярэднявечная гісторыя  Бялынічаў, цесна звязаная  з дзейнасцю  выбітных асобаў – дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных дзеячоў. Спалучэнне іх дзейнасці  і аб’ектыўных працэсаў, якія мелі месца у  жыцці  тагачаснага грамадства Вялікага Княства Літоўскага, як складовай часткі Рэчы Паспалітай,    дае усе падставы ганарыцца ёю.

         Па рукапісных гістарычных крыніцах Бялынічы вядомыя з сярэдзіны ХУІ стагоддзя як сяло ў складзе Цяцерынскага маёнтка Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.   Дарэчы, Бялынічы, як і шэраг навакольных паселішчаў, на старонкі гістарычных дакументаў упершыню патрапілі ў 1577 годзе ў сувязі з размежаваннем земляў паміж маёнткам Цяцерын троцкага ваяводы князя Стэфана Збаражскага і маёнткам Галоўчын князя Шчаснага Яраслававіча Галоўчынскага. Удзельнікамі працэсу  ад князя Галоўчынскага выступілі шляхціц Валент Дыбоўскі і гараднічы замка Філон Сіпайлавіч, ад князя Збаражскага – яго прыяцелі,  Андрэй Цеханавецкі, Мацвей Тышкевіч і Балцар Раецкі. Указанымі асобамі быў складзены і падпісаны адпаведны дакумент, дзякуючы якому, і сёння можна дакладна, арыентуючыся на захаваныя тапонімы, вызначыць межы былых княскіх землеўладанняў. А ў якасці гістарычнай спадчыны засталіся назвы некаторых ужо зніклых паселішчаў (напрыклад, Гніліца), урочышчаў (Шаломкава, Хрэсцішча), балот (Максімава, Мешнае), азёр (Аўчынскае), а таксама рэшткі  былых гідранімічных збудаванняў.

         Запатрабаванасць  пасадавых асобаў, якія б прафесійна займаліся  натарыяльнай дзейнасцю, існавала ва ўсе гістарычныя перыяды. Гісторыя зберагла цікавую інфармацыю пра маёмасны канфлікт, які адбыўся ў 1561 годзе паміж падданымі князя Галоўчынскага і служэбнікам князя Збаражскага  Жданам Яцкавічам. Апошні пераганяў статак жывёлы з братам Арцёмам да брата Яцкі. На мяжы двух маёнткаў галоўчынскі войт Сцяпан Аляксеевіч з іншымі службоўцамі збілі братоў і адабралі статак. Ждана звязалі і адвезлі да ўрадніка маёнткаў Галоўчын і Водва Якуба Матфеевіча, які нейкі час трымаў яго пад вартай. Па вызваленні Ждан Яцкавіч падаў скаргу князю Галоўчынскаму. Але той не пажадаў “справядлівасці ўчыніці” і Ждан паскардзіўся самому вялікаму князю ВКЛ.

Слуханне справы адбылося ў Вільні ў кастрычніку 1561 года. Па дарозе ў суд Ждан захварэў і не змог асабіста прысутнічаць пры разглядзе справы, а яго брат Арцём не меў аформленай належным чынам  даверанасці на прадстаўленне інтарэсаў Ждана. Напэўна, гэтая акалічнасць, пароч іншых, паўплывала на тое, што  суд скончыўся  толькі рэкамендацыямі  князю Яраславу Галоўчынскаму вырашыць канфліктную сітуацыю па справядлівасці. 

Зноў жа, вяртаючыся да нашай прафесійнай дзейнасці,  трэба адзначыць, што дзякуючы афармленню дакументаў мы сёння ведаем некаторыя пісьмова зафіксаваныя, а не апісаныя ў паданні, асаблівасці сярэднявечнай гісторыі Бялынічаў. У ліпені 1579 года тагачасная ўладальніца маёнтка Бялынічы князёўна Настасся Мсціслаўская, незадоўга да сваёй смерці, папрасіла вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Стэфана Баторыя зацвердзіць яе дар на карысць мужа – троцкага ваяводы Стэфана Збаражскага. З гэтага дакумента вынікае, што Настасся ў спадчыну ад  бацькі мела чвэрць маёнтка Цяцерын у Аршанскім павеце, якую і дорыць мужу навечна, “то есть замок на той части моей Тетеринской в Белыничах, прозываемый белый Город, и зо всим будованьем того замку… з местечками Тетериным и Белыничами, з мещаны, з именьи боярскими, шляхетскими…” 

 Трэба зазначыць, што у Вялікім Княстве Літоўскім , быў шырока распаўсюджаны такі тып  населеных пунктаў як мястэчкі.  Статус мястэчка дазваляў яго жыхарам займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але таксама рамесніцтвам і гандлем. Што тычыцца Бялынічаў, то яны атрымалі гэты статус напрыканцы 16 стагоддзя.        

          Уладальніцай Бялынічаў  па спадчыне была  дачка  памерлага ў 1585 годзе Стэфана Збаражскага непаўналетняя  Барбара. Яе маці Дарота Фірлей праз тры гады пасля смерці мужа  выходзіць замуж за падканцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Льва Сапегу, які выхоўваў падчарыцу.  Пасля таго, як Барбара выйшла замуж, Сапега  не жадаючы выпускаць Бялынічы з рук выкупіў іх у падчарыцы.  Далейшае развіцце Бялынічаў было непасрэдна звязанае  з родам Сапегаў.

         Леў Сапега, адзін з аўтараў шырокавядомага Статута Вялікага Княства Літоўскага, зборніка нормаў  дзяржаўнага, адміністрацыйнага, ваеннага, судова-працэсуальнага, шлюбна-сямейнага і апякунскага, грамадзянскага, спадчыннага, зямельнага, ляснога і  паляўнічага, крымінальнага права.

         Статут 1588 года падрабязна і дэталёва рэгламентаваў таксама і афармленне спадчыны. Спадчыннае права складала самастойны інстытут цывільнага права. Наследаванне адбывалася па законе ( было вядома 4 чаргі наследнікаў)  і на падставе завяшчання (тэстаменту).  

         Леў Іванавіч Сапега, найбуйнейшы палітычны, дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, выбітны юрыст і дыпламат, бліскучы рэфарматар,  прыклаў немалыя намаганні для ператварэння некалі ускраіннага сяла Цяцерынскай воласці  у цэнтр  грамадскага, эканамічнага і рэлігійнага  жыцця наваколля.  У недалекім будучым тэрыторыя раздробленай  Цяцерынскай воласці ператворыцца  ў адно з найбуйнейшых  уладанняў роду Сапегаў, якое уключала тэрыторыіі  сучасных  Бялыніцкага, Круглянскага, Талачынскага, Крупскага, Чашніцкага, Лепельскага, Бешанковіцкага раенаў. Вядома, што ў  пачатку 30-х гадоў 17 стагоддзя штогадовы агульны даход Сапегі толькі ад 10 маёнткаў, што месціліся на гэтай тэрыторыі, складаў блізу 70 тысяч злотых. Гэта былі вельмі вялікія грошы, значныя сумы з якіх Леў Іванавіч, як патрыёт Айчыны, раз за разам выдаткоўваў на матэрыяльнае забеспячэнне ваенных кампаній супраць ворагаў краіны.

         Вельмі важнай падзеяй для Бялынічаў стала заснаванне  у 1624 годзе кармеліцкага кляштара. Праз чатыры гады пасля гэтага Леў Сапега падарыў айцам-кармелітам 4 пляцы з дварамі і агародамі ў мястэчку і вёскі Вугольшчыну, Царковішча і Цяхцін, аформіўшы свой падарунак адпаведным запісам у актавых кнігах Аршанскага гродскага суда. Пасля смерці бацькі  яго сын Казімір дабіўся таго, што 4 кастрычніка 1634 года, згодна з прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава Вазы, Бялынічы атрымоўваюць магдэбургскае права, свае пячатку і герб, а таксама дазвол на правядзенне кірмашоў.

         Па сведчанні кандыдата гістарычных навук Ігара Пушкіна, “на землях Магілёўшчыны вельмі часта Магдэбургскае права надавалася гарадам за гераізм і адданасць яго насельніцтва краіне”. Заўважым, што населеныя пункты Магілёўшчыны знаходзіліся ў блізкай зоне ваенных дзеянняў  Смаленскай вайны 1632 – 1634 гадоў. Прыкладам, у 1632 годзе маскоўскія  войскі, пачынаючы вайну, узялі ў аблогу Смаленск, авалодалі Полацкам, Ноўгарад Северскім, Прапойскам, увайшлі ўглыб Вялікага Княства Літоўскага. І толькі ў наступным годзе харугвы гетмана Караля Радзівіла і Уладзіслава ІУ змаглі выцесніць непрыяцеля і наладзіць  збройнае супрацьстаянне пад Смаленскам.

         Меў свае заслугі перад Айчынай у гэтай вайне і вялікі гетман Леў Сапега, які непасрэдна камандаваў войскамі пад Смаленскам, а таксама і шматлікія прадстаўнікі яго роду.  Вядома таксама, што ў студзені 1635 года малодшы сын Льва Іванавіча і тагачасны ўжо ўладальнік Бялынічаў Казімір Сапега ўзначаліў пасольства ў Маскву і дабіўся ратыфікацыі царом Міхаілам Фёдаравічам умоў Палянаўскага мірнага дагавора.

         Мабыць, наданне мястэчкам і гарадам, сярод якіх і Бялынічы, магдэбурскага права было таксама  і асаблівай каралеўскай падзякай жыхарам гэтых паселішчаў за праяўлены патрыятызм у складаных знешнепалітычных умовах. Разам з тым нельга выключаць і самой ініцыятывы да самакіравання ўладальнікаў ды жыхароў гэтых населеных пунктаў. Скажам, Леў Сапега быў не толькі выдатным дзеячам сваёй краіны, але і буйнейшым магнатам, землеўладальнікам. Быў сапраўдным гаспадаром. І ён не мог не разумець, што падарваная войнамі гаспадарка можа стаць больш эфектыўнай, больш даходнай толькі пры якасна новых умовах кіравання. На той момант такія ўмовы магло забяспечыць наданне мястэчку  магдэбурскага права. Менавіта яно  ператварала мястэчка ў аўтаномную  юрыдычную адзінку у краіне,  насельнікі якой адрозніваліся ад іншых жыхароў краіны уласным комплексам правоў.  З атрыманнем граматы на самакіраванне мястэчка ператваралася ў значны гандлёвы, рамесна-гаспадарчы, духоўна-культурны цэнтр.

         Менавіта з надання Бялынічам прывілея на самакіраванне мястэчка пачынае імкліва развівацца. Магдэбургскае права забяспечвала яго жыхарам прэферэнцыі для развіцця рамяства і гандлю, вызначыла месца і стан месцічаў у феадальным грамадстве, бараніла іх ад уціску шляхты і вялікакняскай адміністрацыі. А гэта яшчэ і безліч дакументаў, якія трэба рэгістраваць, сведчыць, пацвярджаць, завяраць. Захаваліся некаторыя дакументы, што датычацца Бялынічаў, зафіксаваныя у актавых кнігах павятовага Аршанскага гродскага суда, якія ўтрымліваюць скаргі, рэляцыі (данясенні) судовых ураднікаў, тэстаменты, дагаворы аб куплі-продажы маёнткаў.

          У гэты час пачала фарміравацца і выразная горадабудаўнічая планіроўка адміністрацыйнага цэнтра Бялынічаў з ратушай, рынкавай плошчай з яткамі і крамамі, “клеткамі” для мяса, дзе кожны тыдзень праводзіўся гандаль, з Ільінскай праваслаўнай царквой і драўляным комплексам пабудоў кармеліцкага кляштара. Да першай паловы ХУІІ стагоддзя  колькасць вулічных пляцаў (сядзібаў, участкаў) мястэчка перавысіла паўтысячы. У тагачасных дакументах называюцца і 16 гандлёвых пляцаў, якія, трэба думаць, знаходзіліся альбо на рынкавай плошчы ці побач з ёй. Вакол рынкавай плошчы месцілася і 12 двароў месцічаў, відаць, самых заможных. У Бялынічах налічвалася 13 вуліц з выразным арыентацыйным сэнсам іх назваў, сярод іх: Віленская, Манастырская, Цяцерынская, Крукава, Плітніцкая, Татарская, Гайная, Красная, Глініцкая. Цікава, але і па сёння жыхары Бялынічаў выкарыстоўваюць назву “Глінішча”.

         Як ужо адзначалася у 1772 годзе у выніку 1 падзелу Рэчы Паспалітай  Бялынічы разам з іншымі населенымі пунктамі  адыйшлі да Расійскай імперыі. Абяцанае захаванне жыхарам магдэбурскіх гарадоў і мястэчак іх ранейшых правоў у хуткім часе царскай адміністрацыяй было парушана. Мяшчане некаторых мястэчак, у тым ліку і Бялынічаў, былі аб’яўлены прыгоннымі сялянамі. Жыхары  мястэчка у знак пратэсту распачалі судовы працэс, сталі хадайнічаць перад Сенатам. Справа цягнулася з 1803 года да 1832 года. Прывілеі на  магдэбургскае права былі  прадстаўлены  ў Магілёўскі павятовы суд, а затым у Сенат, дзе яны былі  прызнаны несапраўднымі. Істцам, як “возмечтавшім о мнімой вольності”  было паказана іх “месца” – усе яны былі залічаны ў прыгонныя. Двух найбольш актыўных шукальнікаў праўды секлі “кнутамі” і саслалі ў Сібір. 1_orda.jpg

 Заснаванне ў сваім прыватнаўласніцкім мястэчку каталіцкага кляштара з касцёлам добра ўпісвалася ў філасофію талеранцыі Льва Сапегі, які з праваслаўя (1586 год) перайшоў у каталіцтва і падтрымаў Брэсцкую царкоўную ўнію (1596). А яна, па ягоным меркаванні, павінна была ўмацаваць дзяржаву. Мажліва, так яно і здарылася, бо на пачатку 19 стагоддзя на тэрыторыі сучаснага Бялыніцкага раена пераважная частка жыхароў па веравызнанні была менавіта грэка-каталіцкай (уніятамі).

         Сапега да канца жыцця не стамляўся перасцерагаць духоўныя ўлады ад гвалтоўных дзеянняў у адносінах да насельніцтва іншага веравызнання, але пры гэтым і надалей заставаўся памяркоўным да ўсіх рэлігій і канфесій, фінансаваў будаўніцтва і касцёлаў, і цэркваў.

Напрыканцы жыцця Льва Сапегі  у Бялыніцкім касцеле  з’яўляецца абраз Маці Божай, і паданне аб напісанні яго на ваканіцы самім анёлам, што завітаў у кляштар пад выглядам падарожніка. Гэты абраз некалькі пазней набыў славу цудатворнага. Існуе таксама версія праваслаўных аб з’яўленні абраза Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах:   у ХІІІ стагоддзі  абраз быў дастаўлены па Дняпры і Друці манахамі Кіева-Пячорскай лаўры, якія ратаваліся ад мангола-татарскага набегу. Дакладнае паходжанне цудатворнага абраза не высветлена і па сённяшні дзень, а сама святыня  была страчана ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 45 гадоў.

         У 1634 годзе новы ўладальнік Бялынічаў Казімір Сапега аздобіў абраз каштоўнымі камянямі. І герб, і абраз, і кляштар мусілі дэманстраваць моц, веліч і ўплывовасць роду Сапегаў, якія ўяўлялі сабой грозную сілу, што мусіла лічыцца з ёй нават караля; былі яскравым сведчаннем пераемнасці славы і дзяржаваўтваральнага наватарства Льва Сапегі яго сынам Казімірам.

          У хуткім часе абраз, які знаходзіўся у Бялыніцкім кляштары, стаў шанавацца усімі каталікамі Рэчы Паспалітай на ўзроўні абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Вернікі з далекіх і блізкіх паселішчаў у будні і ў святы ішлі ў Бялынічы каб на свае вочы ўбачыць святыню і пакланіцца Маці Божай. Паданне сведчыць аб тым, што многія хворыя людзі пасля наведвання Бялынічаў назаўседы збаўляліся ад сваёй немачы. Па хадайніцтву духоўных уладаў Вялікага Княства Літоўскага распараджэннем Папы Рымскага у Бялынічы была накіравана делегацыя для правядзення каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай і залік яго у шэраг агульнакаталіцкіх святыняў.  У дзень каранацыі абраза Божай Маці Бялыніцкай  20 верасня 1761 года, а 9 гадзіне раніцы, гарматы паведамілі пра ўрачыстасць. Пад чытанне папскіх дакументаў і урачыстай літургіі  з казаннем, у суправаджэнні  салютаў была праведзена ўрачыстая каранацыя. У дзень каранацыі й на заканчэнне ўсіх урачыстасцяў адбыліся феерверкі, “запаленыя ў розных агнях”.   ┴хы√эшўёър  шъюэр ┴юцшхщ ╠рЄхЁш.jpg

З цягам часу пакланіцца да абраза ішлі  хрысціяне усіх канфесій. Асаблівую папулярнасць святыня набыла у сярэдзіне 19 стагоддзя, калі духоўную місію у Бялынічах выконваў Люцыян Гадлеўскі. Пры ім у касцеле была адчынена  музычная школа для дзяцей ня толькі каталікоў, але і праваслаўных.

        Трэба зазначыць, што пад час духоўнай службы ў Бялынічах Люцыяна Гадлеўскага мястэчка наведвалі многія вядомыя грамадзкія дзеячы, прыхільнікі ідэі узнаўлення Вялікага Княства Літоўскага. Сярод такіх быў музыкант, вядомы мастак Напалеон Орда. На яго малюнках Бялыніцкі кляштар паўстае ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці.

         Пасля паразы паўстання Кастуся Каліноўскага 1863 г. каталіцкі касцел і кляштар былі зачыненыя, а уся маемасць перададзена праваслаўным уладам.

         У 30-я гады 20 стагоддзя лёс кармеліцкага касцёла напаткаў і праваслаўнаю царкву ў Бялынічах.  Яна была зачынена, а хрысціянская святыня, абраз Бялыніцкай Божай Маці,  перададзены на захоўванне ў Магілеў. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны  абраз быў страчаны разам з іншымі культурнымі каштоўнасцямі нашага народу.

         У велічным будынку касцёла доўгі час размяшчаліся мясцовы архіў, школа, кінатэатр. У 1964 годзе органамі савецкай улады было прынята рашэнне знішчыць будынак. Дзеля гэтага  ў Бялынічы былі накіраваны адпаведныя спецыялісты. Рэшткі ўзарванага касцёла як напамін былой славы мястэчка узвышаліся да канца 70-х гадоў 20 стагоддзя, а потым былі выкарыстаны для будаўніцтва дорог.

         На рубяжы стагоддзяў у Бялынічах была пабудана праваслаўная царква, якая стаіць на месцы былога касцёла, адчынена таксама  рыма- каталіцкая капліца ў гонар Маці Божай Бялыніцкай.   

         У 2016 годзе Бялыніцкі раенны выканаўчы камітэт прыняў рашэнне хадайнічаць аб наданні Бялынічам статусу горада   

Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies