Единая информационная линия

Амур тут больш не жыве: Навошта сем’і заключаюць шлюбны кантракт

26 февраля 2018
город Минск

Пры ўваходзе ў загс мала хто задумваецца аб падзеле маёмасці і нявыплачаных аліментах у будучым. Але ёсць і тыя пары, якія хочуць загадзя засцерагчы сябе ад магчымых сварак і спрэчак, яны і заключаюць шлюбны дагавор. Летась толькі ў Мінску пад гэтым дакументам паставілі свае подпісы 1728 пар. Між тым меркаванні наконт такога дагавора неадназначныя: нехта лічыць толькі згадку пра яго праявай недаверу, а хтосьцi, наадварот, упэўнены ў яго неацэннай дапамозе пры вырашэнні сямейных праблем. І ўсё ж такі шлюбны дагавор — гэта панацэя ад усіх бед ці трывожны званочак? Карэспандэнт «Рэспублікі» паспрабавала разабрацца ў гэтым пытанні.

Саюз на ўмовах

Пакуль што шлюбны дагавор многія нашы закаханыя пары чамусьці ўспрымаюць як нешта ганебнае. Мне давялося пагутарыць не з адной жанчынай: пераважная большасць кажа, што пакрыўдзіліся б, калі б ім падобную прапанову зрабіў каханы мужчына. З іншага боку, паводле вынікаў сацыялагічных даследаванняў, менавіта жанчыны значна больш зацікаўлены ў заключэнні шлюбнага дагавора, чым мужчыны. Што гэта: мацярынскае жаданне засцерагчы сябе і дзяцей у будучым ці нейкі хiтры ход?

Иванникова Г.В. - для публикации.jpg
— Наогул, магчымасць заключаць шлюбны дагавор у нашай краіне з’явілася 18 гадоў таму, — нагадвае Галіна Іванікава, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі. — Напачатку людзі аднесліся да гэтага дакумента насцярожана, але ўжо ў 2009 годзе было зарэгістравана больш за тысячу дагавораў. Па вялікім рахунку, гэта мала распаўсюджанае натарыяльнае дзеянне. Але з кожным годам колькасць зацікаўленых у ім павялічваецца.

У асноўным дагавор заключаюць людзі 30—40 гадоў, якія ўжо знаходзяцца ў шлюбе. А вось маладыя, напэўна, яшчэ вераць у каханне без усялякіх фармальнасцей, таму іх гэты дакумент цікавіць мала. Трэба заўважыць, што да натарыуса прыходзяць розныя людзі, а не толькі заможныя бізнесмены, як мы стэрэатыпна лічым.

— Літаральна сёння да мяне зазірнула на кансультацыю жанчына, якая падае на развод, але муж просіць яе не спяшацца. Дзеля спакою жонкі ён дазволіў скласці дагавор на кватэру — яна застанецца жанчыне.

«Буду выкідваць смецце кожны дзень»

Дарэчы, шлюбны дагавор можа рэгуляваць не толькі маёмасныя пытанні, але і ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай. Напрыклад, парадак выплаты аліментаў ці з кім у выпадку разрыву будзе пражываць дзіця. Можна яшчэ замацаваць у дакуменце і наступны пункт: пасля разводу мужчына абавязваецца выплачваць жанчыне пэўную суму грошай.

— Як правіла, прапісваюць стандартныя пункты, ніякіх экзатычных нюансаў няма. Але памятаю, бачыла дагавор, дзе муж напісаў: «Буду выкідваць смецце кожны дзень». Гэта, хутчэй, выключэнне. Калі ўжо людзі да нас прыходзяць, то з сур’ёзнымі пытаннямі.

Працэдура складання i рэгiстрацыi дагавора вельмі простая. Муж і жонка павінны прыйсці да натарыуса, расказаць, якія пункты яны хочуць упісаць у дакумент. Спецыяліст складзе праект, якi каштуе 2 базавыя велічыні (49 рублёў). Акрамя таго, трэба будзе заплаціць за засведчанне дамовы 6 базавых (147 рублёў).

— Грамадзяне таксама павінны прынесці дакументы і выпіскі, якія пацвярджаюць права на маёмасць. Iх можа сабраць натарыус цi самi муж і жонка. Тэрміны складання дагавора залежаць ад умоў і наяўнасці маёмасці. Але ў нашай краіне гэта робіцца хутка: за 1—3 днi.

Можна доўга спрачацца, разважаць, патрэбны шлюбны дагавор ці не, будзе ён перашкодай для трывалых адносін цi, наадварот, паспрыяе iм. Некаторыя справядліва лічаць, што нельга пачынаць адносіны з недаверу. Іншыя ж кажуць, што дагавор патрэбны толькі пры заключэнні фiктыўнага шлюбу.

— Я згодная, што ён часта дапамагае зразумець шчырасць намераў абодвух бакоў. Магу сказаць, што не менш за палову дагавораў заключаецца на выпадак скасавання шлюбу. Гэта значыць, людзі альбо ўжо маюць намер разводзіцца, альбо яшчэ знаходзяцца на стадыі заканчэння адносін. І каб у судзе не ўзнікала спрэчак, яны перастрахоўваюцца. Я ўпэўненая, што менталітэт зменіцца, мы ўсё ж  такі  прыйдзем  да  правільнага разумення  мэт  гэтага  дакумента  і  пачнём  лічыць яго сваім сябрам. Але асабіста мне падабаецца выказванне пісьменніка Равіля Алеева наконт заключэння шлюбных дагавораў: «Калі любоў — недарэчна, а калі разлад — ужо позна».

А вось мне падаецца, што нашы грамадзяне не настолькі прадпрымальныя і карыслівыя, каб добразычліва ставіцца да «шлюбнага пакта» — пакуль што гэта з’ява, хутчэй, выключэнне, чым правіла. У любым выпадку адзін дакумент не варта расцэньваць як панацэю ад усіх сямейных бед. Каханне і сумленнасць — адзіная гарантыя шчаслівага шлюбу.

Меркаванне

Юлія Аляксеева, 24 гады, касметолаг:

— Мы з мужам яшчэ да шлюбу вырашылі скласці дагавор: абое бачым у гэтым толькі станоўчыя бакі. Муж валодае аўтамайстэрнямi, дастаткова забяспечаны мужчына, і каб не ўзнікала ніякіх пытанняў у будучыні, мы пайшлі да натарыуса. Дакумент атрымаўся невялікі: нам ва ўласнасць адыдзе ўсё тое, што будзе зарэгістравана на імя кожнага з нас у перыяд шлюбу. А што і на каго зарэгістраваць — вырашым самі падчас сумеснага жыцця. Напрыклад, у мяне застанецца машына, а ў яго — усе бізнес-аб’екты i актывы. Дарэчы, мы часта ездзім па розных краінах Еўропы, і ў многіх гэта распаўсюджаная практыка. Праўда, мая мама была супраць: адразу сказала, што гэта дрэнны знак, маўляў, муж хоча мяне пакінуць без грошай. Я думаю, такое меркаванне — перажытак мінулага, тады аб шлюбным дагаворы нават не чулі. Але як па мне — гэта добры тыл у любым выпадку.

Вольга Нікіфарава, 39 гадоў, бухгалтар:

— Я загаварыла з мужам аб шлюбным дагаворы праз 12 гадоў сумеснага жыцця, знаходзячыся на мяжы разводу. Не магу сказаць, што мы казачна багатыя людзі, таму маёмаснае пытанне мала цікавіла. Больш за тое, наша кватэра зарэгістравана на маю маці, таму па дакументах не з’яўляецца сумеснай. Затое ў нас трое дзяцей, і мяне хвалявала пытанне аб іх забеспячэннi пасля скасавання шлюбу. Мы з мужам вырашылі, што сваркі ў судзе з-за аліментаў дрэнна адаб’юцца на дзецях, таму загадзя склалі дакумент, па якім ён будзе абавязаны да 18-годдзя кожнага дзіцяці плаціць 30% ад свайго даходу, а таксама дапамагаць мне фінансава на працягу года пасля разводу. Але так атрымалася, што мы памірыліся. Паглядзім, што будзе далей, але я нават рада, што падпісала гэты дагавор: магчыма, дзякуючы яму мы яшчэ разам.



Источник публикации: «Рэспубліка».

Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies