Единая информационная линия

Предупрежден-значит вооружен

6 декабря 2019
Витебская область
Гадзіна, адведзеная на “прамую лінію” з натарыусам натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Жаннай Леанідаўнай КАВАЛЕНКА, прайшла, як заўсёды, актыўна. Тэлефон практычна не змаўкаў, што ў чарговы раз падкрэсліла непрадказальнасць жыццёвых сітуацый.

– Памёр муж, на ім зарэгістраваны дом, які будавалі ў шлюбе. Ці абавязкова мне афармляць спадчыну?

– Вы б маглі нічога не рабіць, паколькі палова дома ў любым выпадку ваша, а другая была б прынята фактычна, нават калі б не падалі заяву, бо вы там зарэгістраваны і пражываеце. Аднак я б Вам раіла перааформіць дом на сябе, паколькі зараз розныя службы аказваюць паслугі толькі ўласнікам жылля.

– Сын вучыцца ў кадэцкім вучылішчы, куды яго разам са сваім сынам адвозіць наш сусед. У навучальнай установе нам сказалі падаць дакумент, што мы яму давяраем. Ці абавязкова яго завяраць?

– Дастаткова заявы, як правіла аднаго з бацькоў, подпіс якога неабходна засведчыць натарыяльна.

– Памерла нявестка, мой сын часова знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, ёсць непаўналетняя ўнучка. Каму застанецца іх кватэра, набытая ў шлюбе?

– Вашаму сыну абавязкова трэба пацвердзіць права ўласнасці, напісаўшы заяву і абавязкова натарыяльна засведчыць подпіс, бо нерухомасць у роўных далях належыць яму і былой жонцы. Другая палова застаецца дачцэ, Вашай унучцы.

– Маці памерла ў дзевяностых, пакінуўшы завяшчанне на мяне і брата, які з сям’ёй жыў разам з ёй у доме. Потым памірае брат, яго сын і жонка. Што мне трэба рабіць, каб зараз аформіць на сябе бацькоўскі дом?

– На жаль, калі Вы не пісалі заявы на прыняцце спадчыны, то Вам давядзецца даказваць яе фактычнае прыняцце (догляд, рамонт), магчыма нават праз суд. Бо па сутнасці спадчыну прыняў брат, які там жыў, а паколькі апошняй памірае Ваша нявестка, то і нерухомасць пераходзіць на спадчыннікаў па яе лініі. Таму раю ўсім у падобных выпадках лепш пісаць заяву на прыняцце спадчыны, тады і аформіць сваю частку Вы зможаце ў любы час.

– Збіраюся на работу за мяжу, ці магу я напісаць даверанасць бацькам, якім хачу часова пакінуць на выхаванне дзіця.

– Не, Вашы бацькоўскія абавязкі не перакладаюцца на іншых асоб па даверанасці, Вам варта прадумаць варыянт з апекай.

– Бацька набыў дом, але да смерці не паспеў зарэгістраваць яго, толькі зямельны ўчастак. Як мне аформіць спадчыну?

– Я магу Вам выдаць пасведчанне толькі на ўчастак, права ўласнасці на дом давядзецца хутчэй за ўсё даказваць праз суд, заплаціўшы дзяржпошліну ў памеры 5 працэнтаў ад кошту дома.

– Атрымліваю аліменты на выхаванне дачкі, ёсць, праўда, запазычанасць. Ці магу я напісаць даверанасць на яе, бо ўжо споўнілася 18, каб яна сама атрымлівала гэтыя сродкі?

– Не, па заканадаўстве забараняецца выдаваць даверанасць чалавеку, на карысць якога і здзяйсняюцца агавораныя ў ёй дзеянні.

– Мяркуем устанавіць у доме электракацёл. Аднак сказалі, што патрэбна згода ўсіх членаў сям’і. Дачка вучыцца, ці магу я прыйсці з яе пашпартам?

– Не, абавязкова яе прысутнасць, аднак мы працуем і па суботах, так што можна выбраць зручны для вас час. Пажадана запісацца папярэдне па нумары 5-89-07.

Падрабязней чытайце на сайце газеты "Патрыет"

Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies