Патриотическая акция «И в памяти навеки имена…»

НІКОЛІ НЕ ЗАБУДЗЕМ

фото.jpgДзень Перамогi. Якiя пачуццi выклiкаюць у вас гэтыя два словы? Якi сэнс, менавiта для вас, мае гэта свята? Нажаль, для сябе адзначаю, што 9 Мая для многiх - гэта ўраніцы парад ваенный тэхнiкi, час забаў удзень i ўвечары салют. Вядома чаму: усё менш i менш застаецца сведкаў таго часу. Пагутарыць з удзельнiкамi i ветэранамi Вялiкай Айчыннай Вайны становiцца амаль немагчымым. А што, як нi паслухаць гiсторыю ад першай асобы, дае нам самыя глубокiя пачуццi, разуменне, як дзiкi боль i неверагодная радасць перамогi могуць пераплятацца i суiснаваць разам. Мы ведаем, што ў вайне супраць фашызму загiнуў амаль кожны чацвёрты беларус. Не абмiнуў бокам ваенны жах i нашу сям’ю. І калi б не збiралася наша сям’я разам, не было таго свята, каб не ўспамiналi дзеда Мiхася. Я нiколi яго не бачыла, не бачылi яго i мае бацькi. Але яго будуць ведаць i помнiць нават мае дзецi. Сухарэўскi Мiхаiл Iгнацьевiч, уражэнец вёскi Супраненты Астравецкага раёну Гродзенскай вобласцi, быў прызваны ў армiю ў далёкiм 1943 годзе, як толькi яму споўнілася 18 год. Што адчувае сэрца мацi, калi яна адпраўляе на фронт свайго адзiнага сына? Лепш гэтага не ведаць нiколi. А што адчувае мацi, якой сказалi, што сын ужо не вернецца дадому, што ён загiнуў? Маці не хацела верыць у праўду i да канца свайго жыцця самотная чакала сына. I кожны гук брамы даваў ёй надзею, што вернецца яе Мiхась…Скрып брамы: «- Міхааась!...». Не, не ён, зноў сусед прыйшоў на сяло.

Гэта здарылася 10 красавiка 1945 года на зямлі нямецкiх акупантаў, цяпер гэта тэрыторыя сучаснай Польшчы. Некалькі дзён атрад Міхася знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў. Зняможаныя, у тым ліку ад голаду, яны рухаліся ў напрамку Берліна. Вечарэла, як Міхась выпадкова сустрэў свайго аднавяскоўца, дзякуючы якому мы ведаем дакладную гістрыю гібелі нашага дзеда. У нейкі момант снайпер раніў Міхася і пакуль суайчыннік пабег за дапамогай, санітары ўспелі забраць яго ў шпіталь. Гэта быў апошні чалавек, які бачыў нашага Міхася жывым. 20 год было салдату, калі яго жыццё раптоўна абарвалася. Ён не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Лёс распарадзіўся іначай. Але важней за ўсё, што памяць пра дзеда Міхася ў сэрцах нашай сям’і будзе жыць вечна. 

fullimage (1).jpg fullimage.jpg fullimage (2).jpg


Гiсторыю паведамiла Юля Уладзiмраўна Лявiцкая, натарус Мiнскай гарадской натарыяльная акругi.

версия для печати