Мой бацька Маркевiч Васiль Нiчыпаравiч. Дзяцiнства, апаленае вайной.

Гiсторыя, якой хачу сёння з вамi падзялiцца, напiсана беларускiм пiсьменнiкам Уладзiмiрам Мiкалаевiчам Гаўрыловiчам i знайшла своё месца нарысам "Жыццёвыя кросны Васiля Маркевiча" ў кнiзе пiсьменнiка "На мяжы", што выйшла ў свет яшчэ ў 2003 годзе, калi мой бацька, Васiль Нiчыпаравiч Маркевiч, 1934 года нараджэння, быў яшчэ жывы. Бацька пражыў усё сваё жыццё ў вёсцы Пагост Жыткавiцкага раёна Гомельской вобласцi.

Прачытаўшы нарыс, зразумела, што вайна - гэта не толькі баявыя дзеяннi, многiя i многiя загiнуўшыя цi ваяваўшыя не шкадуючы свойго жыцця і здароўя воiны, але гэта i тыл, што забяспечваў франты, i пакуты, перажываннi тых, хто аказаўся на акупіраванай ворагамі тэрыторыi i тварам сутыкнуўся з гiтлераўцамi.

 

"Есць да слёз, душыць горла горкi дым вайны..."

Фото отца.jpgБацька, былы "белабілетнік" па стану здароўя, прызваны ў першыя дні вайны па мабілізацыі. Развітваўся са словамі: "Дадому, жонка, вярнуся толькі пасля перамогі. Беражы дзяцей — гэта вайна не на адзін дзень..." Слёзы маці — такія горкія, безуцешныя...

Паўз хату Маркевічаў ішлі немцы — праходзіла першая лінія фронту. Вясковых пакуль не чапалі. Адзін з немцаў спыніўся раптам ля жанок, якія прытуліліся ля плота, пачаў размаўляць з імі. Трохі ведаў па-руску. Васілёк, які быў побач, на ўсё жыццё запомніў тыя яго словы: "Мы наступаем сегодня, идем вперед, но скоро будем идти назад. В открытом бою русских никто еще не побеждал..." I — пайшоў сабе. Хлопчыка гэта ўразіла да глыбіні душы. (Потым, пасля вайны, пытаўся ў жанчын, якія стаялі тады на вуліцы, ці памятаюць яны таго немца і яго словы? Не, гаротная доля выпрабаванняў выкрасліла з памяці людзей той выпадак, а яго — захавала назаўсёды. Што важна, для яго, яшчэ дзіцяці, сведчыла — нават сярод ворагаў былі такія, якія не верылі ў лёгкую перамогу).

У Пагосце засталіся жанчыны, дзеці і старыя. Вайна — вайною, а жыць жа неяк трэба, пра хлеб думаць. I жылі, займаліся звычайнай справай, адно штодзень углядаючыся ў бок дарогі (вялікага свету) і ракі — навіны ў Пагост прыходзілі заўсёды двума шляхамі.

22 жніўня 1941 года быў на дзіва сонечны, ясны, светлы дзень. Раптам на вуліцы пацягнула дымам, данесліся крыкі і галашэнне жанчын, а з ракі пачулася кулямётная чарга з аднекуль узяўшагася бронекатэра. Маці замітусілася — ведала ўжо, што немцы, каб застрашыць насельніцтва, паляць вёскі, забіваюць без літасці і старых, і малых. Але няўжо прыйшла чарга Пагоста? Выходзіла, што не іначай... Трэба было ратавацда, але куды дзенешся з дзецьмі ад карнікаў, калі тыя наваліліся на вёску з усіх бакоў? Іванчыка схапіла гадавалага, загадала старэйшым дзецям прыгнуўшыся ісці за ёй да ракі — калі паможа гэта і ўратуе ад зламыснікаў Бог... Сэрца рвалася з грудзей, калі дабеглі. У канцы сотак, каля агароджы, у хмызняку, і сядзелі. Ад вёскі нябачна, а вось са Сцвігі — як на далоні. Надзеі, што тут іх не знойдуць, не было. Але, на шчасце, не заўважылі, не знайшлі...

Карнікі тым часам усё знішчалі на сваім шляху. Чырвоны агонь шалёна танцаваў па стрэхах, цяжкі дым лез у вочы, выядаў іх, душыў горла. Плакала душа, слёзы, здавалася, скамянелі, калі ахапіла агнём родную хату...

Збалелымі вачыма ўзіраўся сямігадовы Васіль Маркевіч на ўсё, што адбывалася вакол: вось немалады цемец падпаліў іх адрыну, тут жа стаіць дзядуля, які нікуды не ўцякаў ад селішча, стаіць разгублены каля плоту, апусціў галаву і чакае смерці. Вось той жа немец раптам крычыць, каб выгнаў вепрука, а то згарыць. Ці здзекваўся гэтак, ці што?.. Дзед стаяў абыякавы — шта з таго, што гіне скаціна, калі сябе ўжо не ўратуеш?.. I яго сапраўды павялі на здзек.

Хто не ўцёк, не схаваўся — 85 чалавек старых, малых, жанчын сагналі да будынка дзіцячых ясляў. Тут жа і бязлітасна зводзілі — чамусьці па 6 чалавек. Забітых сцягвалі ў будынак. Аблажылі саломай і падпалілі... Мабыць, знайшлі ўсё-такі і забілі б усіх, калі б на кані не паспеў у спалены Пагост памочнік каменданта Тураўскага гарнізона обер-лейтэнант Аўгуст Клёўзе — загадаў зняць аблаву (толькі пасля вайны людзі даведаліся, што ён дапамагаў партызанам, спачуваў палешукам. Потым маці расказала — чула ад людзей — што іх вёска знішчана была выпадкова. Карацельную аперацыю немцы планавалі правесці ў суседніх Чэрнічах. Але там жыла адна немка. Яна выйшла з хаты і перагаварыла з афіцэрам. Паліць Чэрнічы не сталі, пайшлі на Пагост).

Вёска згарэла амаль уся, толькі сям-там каля Сцвігі засталіся лазні, адзінокія гаспадарчыя пабудовы дынекалькі хат на ўскрайках вёскі. Цудам не згарэла школа – былы папоўскі дом. Засталася побач з ракой і старая хата матчынага бацькі – трэба было жыць неяк далей. Жылі-мучыліся трохі там, у невыноснай цеснаце некалькі сем’яў, потым перайшлі ў былую калгасную лазню на абалонні. У час вайны ў іх хаце-лазні жыў некаторы час Васіль Іванавіч Прасолаў, які потым стаў камандзірам партызанскага атрада. Юны Маркевіч добра паладзіў з дзядзькам Васілём.

Новыя ўлады загадалі аднавіць навучанне дзяцей – некалькі месяцаў Вулляна Сяргееўна Тур вучыла дзяцей па савецкіх падручніках, у якіх паліцаі павырывалі ўсе старонкі, дзе гаварылася пра Леніна і Сталіна. Школа была без вокан, стаялі там самаробныя лавы, пісалі дзеці на кавалках газетнай паперы. У гэтую школу трохі хадзіў і Васіль, але фактычна вучобу пачаў у 1944-ым, калі прыйшло вызваленне. Яму тады споўнілася дзесяць гадоў…

Пачатак 44-га. З'явіліся чуткі, што немцы будуць хапаць дзяцей, моладзь і вывозіць у Германію. Маці, баючыся большай нядолі, запрэгла маладога коніка, ззаду калёс прывязала карову, пасадзіла на калёсы дзяцей і разам з сястрой падалася ў лес. Хаваліся сярод балота. У памяці Васіля нібыта аддрукаваўся момант: яны сядзяць на лёдзе сярод кустоў, а фашысты прачэсваюць лес зусім побач — крокаў за дзвесце. Шукалі ворагі партызанскае стойбішча. Дык дзіва-дзіўнае: нават маленькія дзеці не падалі гуку жыцця. Адчувалі небяспеку?

Аладкі з гнілой буль6ы – самая нясмачная рэч на зямлі. Але есці трэба, калі хочаш жыць — вочы закрываеш, нос заткнеш. Ясі!.. У гэты час ад хваробы памірае брат Міколка. Прыйшлі з лесу — вакол лапухі, бур'ян на два метры...

Усё — нібыта кадры з дакументальнага фільма-хронікі, якія і праздзясяткі гадоў прыходзяць у сон, і здаецца Маркевічу зноў і зноў што есць да слёз, душыць горла горкі дым вайны...

Напаўдзіцячыя-напаўдарослыя нярадасныя ўспаміны аб вайне... Яны – як кадры з дакументальнага фільма-хронікі, толькі закрыеш, вочы – і ты там, сярод страшных горасных падзей..."

 

Паведамiла натарыус Гомельскай натарыяльнай акругi Маркевiч Людмiла Васiльеўна.

версия для печати