Патриотическая акция «И в памяти навеки имена…»

     Векапомнае

Не патрэбна ніякаму часу вайна!

Краіны маёй абеліскі

Блішчаць, быццам зоркі ў цьме...

 

Чым большы “ўзрост” гістарычных дат, тым большая адлегласць аддзяляе нас ад падзей, якія сталі лёсавызначальнымі для маёй краіны і для яе кожнага жыхара. Але колькі часу не прайшло б, памяць не старэе і не сціраецца, як і боль у сэрцы. У сям’і Анатоля Мікалаевіча і Аляксандры Кузьмінічны Сеўруковых не толькі адна на дваіх юрыдычная адукацыя, але і гістарычная памяць пра бацькоў-пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны.

 

Дачка салдата Перамогі

 

Піваварэвіч.jpgМой бацька Кузьма Якаўлевіч Піваварэвіч – карэнны паляшук: нарадзіўся ў вёсцы Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1922 годзе. Гэта цяпер Альшаны – аграгарадок, у якім пражывае каля васьмі тысяч чалавек, а тады была звычайная вёска з драўлянымі хатамі без усялякіх выгод, з зямельнымі надзеламі, на якіх мае землякі шчыравалі, не пакладаючы рук. Калі пачалася вайна, Кузьму было 19 гадоў. Разам з аднавяскоўцамі, у ліку якіх былі равеснікі, хлопец, як кажуць, “стаў пад ружжо”. Ён быў адчайны і смелы, не думаў пра тое, што можа загінуць. Трэба было абараняць радзіму – абараняў. Служыў Кузьма Якаўлевіч у артылерыйскіх вайсках, лёгка ўпраўляўся з цяжкавагавай гаўбіцай, якую пяшчотна называў “сяброўкай”. Гэтая сяброўка дапамагала салдатам вызваляць ад нямецкай навалы Беларусь, Польшчу, Германію… 2 мая 1945 года на подступах да Берліна ішлі цяжкія кровапралітныя баі. Нямецкі снарад трапіў у гаўбічны разлік, у складзе якога быў паляшук Кузьма. Салдат атрымаў цяжкае раненне і сустрэў доўгачаканую вестку аб Перамозе на бальнічным ложку. Бог даў, ён вылечыўся і героем, у гімнасцёрцы, упрыгожанай ордэнамі і медалямі, вярнуўся ў родныя Альшаны.

Тут ён ажаніўся, тут нарадзіліся пяцёра дзяцей. Сыны вывучыліся хто на будаўніка, хто на ветэрынарнага урача. Унук, якога ў гонар дзеда назвалі Кузьмой, таксама выбраў гэтую прафесію.

У кабінеце гісторыі Альшанскай СШ№1 Столінскага раёна вісіць партрэт майго бацькі. Для школьнікаў – ён герой вайны і салдат Перамогі, для нас, дзяцей, проста тата, шчыры і руплівы беларус, які стаў сведкам і ўдзельнікам вялікіх гістарычных падзей. Бацькі ўжо няма, але Дзень Перамогі для нас быў і застаецца самым дарагім і светлым святам.

 

Ён вызваляў Беларусь

 

Трапечацца вечны агеньчык,

Як сэрцы палеглых салдат…

 

Мой муж Анатоль Мікалаевіч Сеўрукоў працаваў пракурорам, стаяў на ахове інтарэсаў Беларусі і яе грамадзян, быў заслужаным работнікам праваахоўнай сістэмы, цяпер -- на заслужаным адпачынку. Ён клапатлівы муж і бацька, але шмат гадоў насіў у душы рану – чужога дзядзьку называў бацькам і нічога не ведаў пра лёс роднага.

Сеўрукоў.jpgНапярэдадні 70-гадовага юбілея вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Анатоль Мікалаевіч, які вёў шматгадовую пошукавую работу, атрымаў з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь копіі дакументаў, дзе былі такія каштоўныя звесткі пра яго роднага бацьку.

--Мой бацька Мікалай Паўлавіч Сеўрукоў родам з вёскі Усланка Абаянскага раёна Курскай вобласці Расіі. Нарадзіўся ў 1913 годзе. У 1935-1937 гадах служыў у 7-м кавалерыйскім палку НКУС у Іркуцку. Там жа скончыў палкавую школу малодшых камандзіраў і атрымаў званне старшыны. У 1939 годзе быў зноў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, а дакладней – Докшыцкага раёна: вёскі Беразіно, дзе я нарадзіўся незадоўга пасля заканчэння вайны, вёскі Ускром’е, дзе праходзіла маё дзяцінства, Докшыц, адкуль мяне прызывалі на тэрміновую службу, -- расказвае Анатоль Мікалаевіч. -- Перад самай вайной бацька скончыў курсы аўтатрактарных механікаў, працаваў на Усланскай МТС брыгадзірам трактарнай брыгады. Яго шлях салдата Вялікай Айчыннай пачаўся 9 чэрвеня 1941 года. Удзельнічаў у баявых дзеяннях на Смаленскім накірунку, быў камандзірам узвода коннай разведкі пры палку. У баях пад Вязьмай трапіў у акружэнне, 13 кастрычніка 1941 года апынуўся ў лагеры ваеннапалонных у Маладзечна. У сакавіку 1942 года уцёк адтуль і ўступупіў ў партызанскую брыгаду “Жалязняк”. Быў радавым камандаваў ротай, затым – узводам. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны I ступені”, медалём “За адвагу”, ордэнам Чырвонай Зоркі.

Сярод архіўных дакументаў была характарыстыка-адзнака баявых дзеянняў майго бацькі, камандзіра 5-га атрада брыгады “Жалязняк”, якую падпісалі ў 1944 годзе два Героі Савецкага Саюза, камандзір брыгады палкоўнік І. П. Ціткоў і камісар гэтай брыгады С. С. Манковіч: “ Асабліва праявіў сябе пры разгроме нямецкіх гарнізонаў у Бягомлі, Докшыках, Параф’нава і Далгінава. У баях за дарогу Зембін-Мсціж рота М. П. Сеўрукова знішчыла больш за 40 немцаў, з засады на дарозе Дубовік-Баяры – 2 грузавыя машыны, забілі 26 салдат і афіцэраў праціўніка, узялі каштоўныя дакументы. У чэрвені 1942 года Сеўрукоў М. П. падарваў эшалон з грузам, знішчыў 16 вагонаў. У баі – смелы, у складаных абставінах – знаходлівы, маральна вытрыманы; дысцыплінаваны і патрабавальны. Ён – узор для сваіх салдат і можа быць памочнікам камандзіра батальёна…

А вось гэта вытрымка з узнагароднага ліста да Ордэна Чырвонай Зоркі: “Вызначыўся пры штурме нямецкіх гарнізонаў Докшыцка-Бягомльскай зоны. Знішчыў 11 гітлераўцаў”.

Камандуючы ротай пры прарыве лініі акружэння ў чэрвені 1944 года, знішчыў 6 агнявых кропак праціўніка, 20 ворагаў, вывеў роту з малымі стратамі…

Па волі лёсу ў сваім жыцці, -- кажа Анатоль Мікалаевіч, -- я праходзіў дарогамі бацькі. Так, пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума ў 1969 годзе, працаваў ветфельчарам, абслугоўваў вёскі Жамойск і Краснікі Бярэзскаўскага сельсавета Докшыцкага раёна, а нядаўна даведаўся, што пасля вызвалення Беларусі мой бацька жыў і працаваў у гэтых жа вёсках. Будучы курсантам Данецкага вышэйшага ваенна-палітычнага вулічышча я быў у камандзіроўцы ў Днепрапятроўску, а перад прызывам на тэрміновую службу у Чырвоную Армію ў гэтым горадзе рабочым на заводзе “Камінтэрн” працаваў мой бацька. У 1981 годзе я праязджаў Курскую вобласць і думаў, што з гэтага вакзала некалі адпраўляўся на фронт мой бацька. У 1939 годзе мой бацька вызваляў Заходнюю Беларусь, а я на працягу 27 гадоў служыў Закону і Народу ў заходніх, Пастаўскім і Глыбоцкім, раёнах…

Усе мы, жыхары Беларусі, з удзячнасцю ўспамінаем мужных партызан, падпольшчыкаў, франтавікоў, працаўнікоў тыла, усіх, хто выстаяў у суровыя гады ваеннага ліхалецця і здабыў перамогу. Вечная ім памяць і спачын!

Адыходзіць у мінулае вайна

Ды ў сэрцы застаецца рана.

Ледзь патрывожыш – палыхае зноў яна,

Як полымя патухлага вулкана.

 

Матэрыял падрыхтавалі:

Аляксандра Сеўрукова,

загадчыца натарыяльнай канторы Глыбоцкага раёна

Віцебскай натарыяльнай акругі,

Анатоль Сеўрукоў, старшы саветнік юстыцыі ў адстаўцы.

версия для печати