Вечны гонар

Кавецкi А.Э..jpgУ гiсторыi маёй сям’i ёсць два чалавекi, якiя вельмi цесна былi звязаны з вайной, уклалi свае сiлы ў гэту вялiкую перамогу… I за iх я зараз адчуваю гонар. Гэта мае дзядулi Жогаль Грыгорый Дзянiсавiч i Кавецкi Альдон Эдуардавiч.

Мой дзядуля Кавецкi Альдон Эдуардавiч нарадзiўся 1 лiстапада 1925 года у вёсцы Чырвоны Бераг (Клiчаўскi раён, Магiлёўская вобласць). У час Вялiкай Айчыннай вайны яго вёску акупавалi, i ён маладым хлопцам пайшоў у партызанскi атрад iмя Iзоха № 277. Дзядуля прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыi Усакiнскiх лясоў Клiчаўскага раёна: грамiў з партызанамi нямецкiя гарнiзоны, удзельнiчаў у «рэйкавай вайне». У лясах раёна было шмат партызанскiх атрадаў, таму фашысты заўсёды жылi ў жахе. У вынiку суладных дзеянняў партызанскiх атрадаў Клiчаўшчына апынулася датэрмiнова вызваленай ад ворага.

29 чэрвеня 1944 года партызанская брыгада ўз’ядналася з часткамi Чырвонай Армii. Армiя рухалася з баямi на Захад. У мястэчку Бераставiца, што паблiзу Польшчы, Альдон Эдуардавiч быў паранены ў нагу i шпiталiзаваны ў г. Вроцлаў. Вайна скончылася, калi ён праходзiў рэабiлiтацыю пасля лячэння ў г. Калузе.

Майму дзядулi пашанцавала ў гэтай крывавай вайне: ён застаўся жывы. Потым праходзiў ваенную службу ў гарадах Калуга i Тула i быў ахоўнiкам ваеннапалонных фашыстаў у АПБ (асобны працоўны батальён) № 340.

Вось такiм чынам прайшла вайна для байца.

Прадзядуля ўзнагароджаны ордэнам «Айчынная вайна» I ступенi i шматлiкiмi медалямi. 

Жогаль Г.Д..jpgМой другi дзядуля Жогаль Грыгорый Дзянiсавiч быў не меньш адданы абараненню Радзiмы.

Нарадзiўся 14 кастрычнiка 1920 года ў вёсцы Бялёў (Жыткавiцкi раён Гомельская вобласць). Таксама на пачатку вайны быў маладым хлопцам, будаваў планы на шчаслiвае жыццё, але ўсё абарвала вайна.

У 1940 годзе быў прызваны ў Красную Армiю, а вайна заспела яго на Палтаўшчыне. Там Грыгорый Дзянiсавiч служыў, i гэта месца трапiла ў акружэнне. Пасля таго, як ён выйшаў з акружэння, паехаў на Радзiму. Там восенню 1941 года пайшоў у партызанскi атрад вялiкага ваеначальнiка Сiдара Арцёмавiча Каўпака. Кiраўнiк атрада быў настолькi жорсткiм чалавекам, што яго баялiся нават самi ворагi. У атрадзе дзядуля быў разведчыкам, удзельнiчаў у розных ваенных аперацыях да сканчэння вайны. На жаль у 1943 годзе быў ранены, яго адправiлi на лячэнне. Пасля папраўкi зноў вярнуўся ў атрад.

З прычыны таго, што дзядуля быў разведчыкам, ён мала што расказваў, але пацверджаннем i гiстарычным помнiкам з’яўляецца легендарная кнiга «Увага, Каўпак!». У ёй апiсваюцца розныя ваенныя аперацыi, там жа ёсць звесткi i пра майго прадзядулю. Аўтары кнiгi Пётр Брайко i Аксана Калiненка падарылi кнiгу Грыгорыю Дзянiсавiчу. Для дзядулi яна была настольнай i мела важнае значэнне, таму што нагадвала пра тыя гiстарычныя памятныя адказныя, а разам з тым трывожныя iмгненнi з яго жыццёвага шляху. Дзядуля, чытаючы яе, алоўкам пазначаў тыя главы, у якiх гаварылася пра яго i апiсвалiся iх дзеяннi.

Партызанскi квiток.jpg

У вынiку дзядуля быў узнагароджаны трыма ордэнамi: ордэн «Отечественная война», ордэн «Красного знамени», ордэн «Красная звезда» i шматлiкiмi медалямi. Таксама ў нас захавалiся розныя фотаздымкi i дакумент, якi пацвярджае яго удзел ў партызанскiм руху: Партызанскi квiток.

Вось такiмi герачнымi былi мае дзядулi. Яны абодва вярнулiся з вайны i стварылi сем’i, i зараз мы захоўваем памяць аб iх. На жаль iх ужо няма ў жывых. Альдон Эдуардавiч памёр адносна нядаўна: 7 сакавiка 2018 года. Грыгорый Дзянiсавiч пайшоў з жыцця даўно: 5 лютага 2004 года. Iх няма, але памяць аб iх неўмiруча.

Гiсторыю сваёй сям'i паведамiла Петрусёва Ірына Васільеуна, натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі

версия для печати