Культурная пятнiца
У межах праекта «Кожная пятніца – роднае сваё», прадстаўнікі натарыяту Брэсцкай вобласці наведалі Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. Гэты візіт стаў цудоўнай магчымасцю дакрануцца да багацця беларускай культуры і падтрымаць развіццё айчыннага мастацтва.
Увазе гледачоў была прадстаўлена п'еса Францішка Алехновіча «Чорт і баба». Гэта лёгкая і забаўная камедыя-жарт, якая праз яркія і жывыя вобразы раскрывае вечную барацьбу паміж чалавечымі слабасцямі і жыццёвай мудрасцю.
Сюжэт пастаноўкі прыцягвае сваёй незвычайнасцю: галоўныя героі – не проста баба і чорт, а сапраўдныя напарнікі. Яны заключаюць дагавор, мэтай якога з'яўляецца пасварыць паміж сабой "маладых". Аднак ці ўдасца ім ажыццявіць свае падступныя планы? Гэтае пытанне застаецца адкрытым да самага фіналу, трымаючы гледача ў напружанні.
Прадстаўленне вабіць сваёй непасрэднасцю, лёгкасцю і выдатным гумарам. Акцёрская гульня, адзначаная тонкасцю і энергiчнасцю, выклікае шчыры смех і адначасова заахвочвае да разважанняў. Глядачы маглі задумацца над тым, як зайздрасць, пустаслоўе і плёткі здольныя разбурыць самае моцнае сямейнае шчасце.
Асабліва варта адзначыць, што пастаноўка цудоўна перадае непаўторную атмасферу беларускага народнага каларыту. Менавіта тут, у спляценні гумару, мудрасці і традыцый, адчуваецца глыбіня і прыгажосць роднай культуры.