Рубрыка «Кожная пятніца — роднае, сваё»: сямейны вечар у тэатры з гісторыяй

Кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі, але ў Мазыры ён пачынаецца з глыбокай павагі да гісторыі. Сімвалічна, што Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа — класіка беларускай літаратуры — паўстаў не на пустым месцы. Насамрэч, яго карані сягаюць значна глыбей за афіцыйную дату заснавання (1990 г.). Тэатр мае больш чым стагадовую гісторыю і найбагацейшыя традыцыі. Архіўныя крыніцы сведчаць: яшчэ ў 1913 годзе ў Мазыры арганізавалі першы драматычны кружок, а ў 1923-м — студыю. Потым дзейнічаў калгасна-саўгасны тэатр, які таксама вырас з мастацкай самадзейнасці. У 1938 годзе ён быў рэарганізаваны ў Палескі абласны драматычны, у 1954-м — чарговая рэарганізацыя. І, бадай, адна з найважнейшых падзей — прысваенне тэатру ў 1960 годзе ганаровага звання «народны».
Менавіта ў гэтыя сцены, прасякнутыя гісторыяй і творчасцю, напярэдадні выхадных завітала сям’я касультанта натарыяльнай канторы №1 Мазырскага раёна Дар’і Карабун. Удзельнікі праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» абралі для культурнага вечара прэм’еру — авантурную камедыю ў пастаноўцы рэжысёра тэатра Святланы Джаліевай. Аўтар п’есы — Наталля Башава-Іванова, вядомы рэжысёр, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Спектакль аказаўся годным працягам багатай тэатральнай традыцыі Мазыра. Гісторыя пра тое, як звычайная ноч у гасцініцы ператвараецца ў драматычныя падзеі, трымала ў напружанні да фіналу. Пастаноўка, напоўненая эмоцыямі і нечаканымі паваротамі, прымусіла задумацца пра важнае: наколькі добра мы ведаем сваіх блізкіх, дзе праходзіць мяжа шчырасці і дапушчальнага ў адносінах.
Такім чынам, «культурная пятніца» для сям’і Карабун стала не проста чарговым паходам у тэатр, а сапраўдным пагружэннем у гісторыю і сучаснасць мазырскага мастацтва, якое працягвае вучыць нас мастацтву жыць.