Единая информационная линия

Вудачкі ў жаночых руках

12 мая 2026
Гродненская область
Вудачкі ў жаночых руках
У Гродзенскім натарыяце ёсць жанчыны - Кацярына Пашкевiч, якая працуе загадчыкам натарыяльнай канторы Астравецкага раёна, і Таццяна Зіміна - натарыус натарыяльнай канторы Шчучынскага раёна, якія маюць незвычайнае хобі - рыбалка. Рыбалка часта перарастае ў захапленне з элементамі спаборніцтва, дзе важны не толькі ўлоў, але і працэс, а таксама майстэрства валодання снасцямі. І вось што Кацярына нам расказала:

«Яшчэ 5 гадоў таму, што называецца, нiчога не прадказвала. У 2020 годзе сяброўка i калега са Шчучынскага раёна Таццяна Зіміна запрасiла ў госцi. Пасядзелi, пaпiлi гарбаты.

- Паехалi на рыбалку! - прапанавала сяброўка, аматар рыбнай лоўлi з 20-гадовым стажам.

Тады я ўпершыню ўзяла ў рукi вудачку. Сяброўка паказала, як прымацаваць кручок, насаджваць прынаду, закiдваць i трымаць вуду… У першы раз нiчога не злавiла, толькi дзівілася, як спрытна адну за адной цягае рыбу сяброўка. А найбольш любавалася прыродай: стаяў цудоўны май, легкi ветрык гнаў азерныя хвалi, якiя плёскалiся каля ног. Так я ўпершыню «заглынула кручок» новага захаплення.

Вядома, любавацца прыродай можна i гуляючы па лесе. Але тут, па першые, вада, - а я Вадалей не толькi па знаку задыяка, але i па стане душы. Нездарма яшчэ адным з маіх любімых адпачынкаў з’яўляецца басейн. На наступнай рыбалцы я злавiла першага карася. I ўсё, «падсела».

Яшчэ пару разоў з'ездзiла да сяброўкi, а потым вырашыла, што i ў Астравецкiм і Смаргонскiм раёнах ёсць дзе парыбачыць: рэчкі Вiлiя, Лоша, Ашмяна, шматлiкiя азеры. На рыбалоўныя снасцi трацiцца не давялося: у свой час рыбалкай захаплялiся муж i сыны, потым закiнулі гэтую справу, але ў гаражы вудаў засталося на любы густ і запатрабаванне. Спачатку ўсяго хапала.

Памятаю, як калацiлiся pyкi, калi ўпершыню сама мяняла кручок. Колькi вудачак зламала, колькi разоў закiдвала блешню на дрэва - не злiчыць. На рыбалку я езджу адна, таму спраўляцца з yciмi праблемамi даводзiлася самастойна. Але з цягам часу ўсяму навучылася. Найперш, вядома ж, у iнтэрнэце. Падпiсалася на мноства рыбалоўных тэлеграм-каналаў, але найбольш падабаецца «Рыбанутыя» - гэта дакладна пра мяне. Калегi па захапленнi час ад часу дзеляцца сакрэтамi. 

Не так даўно я прыняла ўдзел у раённых спаборніцтвах па лоўлі з лёду на мармышку, прысвечаных Году беларускай жанчыны.  З’яўляюся членам фідэрнага клуба "Паўночны вектар". Клуб арганізоўвае спаборніцтвы па лоўлі рыбы на фідэр, дзе я удасканальваю сваё майстэрства па дадзеным відзе лоўлі. З усіх вудачак аддаю перавагу фідэру, але лаўлю і на паплавок, і на спінінг, і на карпавыя вудзілішчы. Фідэрная лоўля — гэта сучасны спосаб доннай лоўлі рыбы з выкарыстаннем фідэрнага вудзільна з кармушкай.

Людзі пытаюць у мяне, як адносяцца блiзкiя да таго, што я ўсе выхадныя прападаю на рыбалцы? Мае родныя разумеюсь, што у мяне складаная работа i патрэбна адпачываць.

А рыбалка для мяне -  найлепшы адпачынак! З iм можа паспаборнiчаць хiба што фрыдайвiнг – плаванне пад вадой у ластах i масцы, але гэты падарунак я магу зрабiць сабе  толькi раз у год: падчас адпачынку на самым прыгожым у свеце, на маю думку, Чырвоным моры.

Рыбалка мне патрэбна не дзеля кампанii – стасункаў з людзьмі мне і на працы хапае. І тым больш не дзеля ўлову: невялiкiх рыбак я адразу адпускаю, сур'езны ўлоў – а ў маім рыбалоўным паслужным спiсе ёсць i 2 -3-х кiлограмовыя карпы, амуры, лiнi, галаўнi- пакiдаю.

Праўда, як i большасць жанчын, чысцiць i гатаваць рыбу па-ранейшаму не люблю, для гэтай справы ў мяне есць сыны.

Але галоўнае для нас ў нашым нежаночым захапленнi - яднанне з прыродай, адчуванне сябе яе часцiнкай.

Праўда здараецца, што настрой псуецца яшчэ да пачатку рыбалкi. Часам прыедзеш у цудоўнае месца, прыгажосць - вачэй не адвесцi, а вакол смецце. Тады бяру вялікi пакет i прыбiраю, кладу ў багажнiк i дома выкiдаю ў кантэйнер. Хочацца папрасiць людзей, якiя адпачываюць падобным чынам: пашкадуйце прыроду, пашкадуйце людзей, што прыедуць на гэты бераг пасля вас, урэшце, пашкадуйце сябе i сваю душу, не засмечвайце яе падобнымi ўчынкамi.

I хай на душы у кожнага будзе так чыста i светла, як у нас з маёй сяброўкай пасля кожнай рыбалкi!».
Сайт использует файлы cookie для обеспечения удобства пользователей сайта, его улучшения, предоставления персонализированных рекомендаций. Подробнее