«Майстар слова - Кандрат Крапіва»

У рамках праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё” натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Аляксандра Осіпава наведала экспазіцыю ва Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. П.Труса», прымеркаваную да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы – класіка беларускай літаратуры, якому былі падуладныя розныя жанры. Драматург, празаік, байкапісец, мовазнаўца, ён здзіўляў чытачоў сваім талентам, які найбольш яскрава раскрыўся ў сатырычных творах.
Нарадзіўся будучы пісьменнік у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці 5 сакавіка 1896 года. Сапраўднае яго прозвішча Атраховіч Кандрат Кандратавіч.
Кандрат Крапіва - неверагодная фігура ў беларускай літаратуры і гісторыі. Яго вострае слова было найлепшай зброяй супраць усялякага роду заган у грамадстве. Кандрат Кандратавіч пражыў нялёгкае жыццё, з самага маленства зведаў цяжкасці і страты. Ён быў звычайным чалавекам: захапляўся і пакутваў, перажываў узлёты і падзенні, у нечым сумняваўся, ваяваў і не раз рызыкаваў жыццём. Кнігі і п'есы Кандрата Крапівы даўно пасяліліся на сцэне і прыжыліся на экране, творы разышліся на цытаты. Яго гумар не толькі смяшыў, але і застаўляў задумацца.
Вось некалькі цікавых фактаў аб Кандраце Крапіве:
1. Ёсць легенда аб тым, як пісьменнік атрымаў сваё імя. Хлопчык нарадзіўся ў сям'і, дзе ўжо памерлі 6 дзяцей, а ў жывых былі толькі дзве дзяўчынкі (адна з іх таксама неўзабаве памерла). І бацькі хацелі хоць неяк уберагчы хлопчыка ад лёсу яго братоў і сясцёр. Таму яны доўга абмяркоўвалі і ў сям'і, і ў вёсцы, як абараніць хлопчыка. У выніку ім параілі назваць яго таксама, як клічуць і яго бацьку - Кандратам. Таму што бацька яго быў мужчынам моцным і здаровым. І здароўе яго павінна было перайсці на сына разам з імем. Так і атрымалася, што Крапіва не толькі ўсё жыццё не скардзіўся на здароўе, але і пражыў 95 год.
2. Кандрат Крапіва заўсёды любіў шмат чытаць, але не бачыў сябе ў якасці пісьменніка, лічачы іх людзьмі з вышэйшага грамадства. А ён жа быў сынам звычайнага селяніна. Але разам з ім у Стаўбцоўскім вучылішчы навучаўся брат Якуба Коласа - Іосіф Міцкевіч. Іосіф вельмі захапляўся беларускай паэзіяй і часта любіў дэкламаваць вершы і паэмы. І аднойчы Крапіва пачуў, як Іосіф чытае верш свайго брата “Плытнікі”. Гэты верш вельмі спадабаўся Кандрату, увесь яго змест быў будучаму пісьменніку вельмі блізкі. Да таго ж напісаў яго не які-небудзь недасягальны Пушкін, а брат яго таварыша па вучылішчы, які таксама паходзіць з сялян. Менавіта гэтая падзея стала паваротнай у лёсе Крапівы.
3. Кандрат Крапіва заўсёды вельмі шмат пісаў і нібы жыў па дэвізе - "ні дня без радка". Аднак ніколі не казаў нават самым блізкім людзям што канкрэтна ён піша. Напрыклад, свой твор “Брама неўміручасці” ён пісаў амаль 6 год. І ўвесь гэты час ніхто не ведаў, над чым ён працуе.
4. Кандрат Крапіва меў фенаменальную памяць - ніколі не запісваў адрасы і тэлефоны, не вёў штодзённік. Усё найважнейшае захоўвалася ў яго галаве. І калі трэба было знайсці тэлефон нейкага чалавека, прасцей было адразу пытацца ў Крапівы (калі ён яго ведаў, вядома). У старасці ў Крапівы сур'ёзна сапсаваўся зрок, што адбівалася на яго прафесійнай дзейнасці (рэдактарскай). Але ён рэдагаваў усе слоўнікі проста па памяці. Захоўваў у сваёй галаве ўсе значэнні, дыялектныя варыянты і паходжанне беларускіх слоў са слоўнікаў.
5. Акрамя літаратуры была ў Кандрата Крапівы і іншы запал - шахматы. Па ўспамінах блізкіх, за шахматнай дошкай ён мог праседжваць шмат гадзін запар. У яго быў нават спецыяльны набор шахмат, выразаных з вельмі рэдкай пароды дрэва.
6. Нягледзячы на тое, што Кандрат Крапіва перажыў у сваім жыцці адразу 3 вайны, і ва ўсіх прымаў удзел, ён не любіў пра гэта расказваць. А падчас II сусветнай вайны ў яго пад Сталінградам загінуў сын Барыс. Усе лісты сына Крапіва старанна захоўваў і бярог. І нікому не дазваляў іх чапаць ці чытаць.
7. Упершыню па-сапраўднаму закахаўся Кандрат Крапіва ў 1916 годзе ў горадзе Асташкава. Яго выбранніцай аказалася Кацярына Абакшына. Пазнаёміліся маладыя людзі ў бібліятэцы, і неўзабаве паміж імі завязаліся рамантычныя адносіны. Але бацька дзяўчыны не жадаў выдаваць яе замуж за беднага беларуса, і сілком ажаніў на больш забяспечаным жаніху. А Кандрат Крапіва нават быў сведкам на шлюбе ў сваёй каханай. А перад яго адпраўкай Крапівы на фронт, яго каханая Кацярына падарыла яму стары сярэбраны рубель з выявай імператрыцы Кацярыны і папрасіла яго выжыць. Рубель і сапраўды аказаўся шчаслівым. Ні на адной вайне Кандрата Кандратовіча нават не паранілі.
А значна пазней, калі Крапіва стаў ужо вядомым пісьменнікам, яму прыйшоў ліст ад яго першага кахання. Аказалася, што жанчына выпадкова пачула яго на адной з радыёстанцый, даведалася па голасе (псеўданім Крапіва яна не ведала) і адшукала яго адрас. Яны перапісваліся ажно да самай смерці. Але больш ні разу так і не ўбачыліся.
8. Псеўданім Крапіва Кандрат Атраховіч узяў не толькі з-за сатырычна-калючых баек. Паводле яго слоў, ён спачатку творчай кар'еры не лічыў свае творы годнымі ўвагі, а таму саромеўся падпісваць уласным імем. Па-другое, "Крапіва" было значна больш запамінальным імем, чым "Атраховіч". І па-трэцяе, такім чынам Кандрат Кандратовіч спрабаваў схавацца ад нядобразычліўцаў. Бо ў яго байках нярэдка фігуравалі імёны суцэль рэальных і ўплывовых людзей.
Памёр таленавіты пісьменнік на 95-м годзе жыцця ў 1991 годзе. У 1992 годзе Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову "Аб увекавечанні памяці Кандрата Крапівы", згодна з якой імя пісьменніка ў 1993 годзе было прысвоена Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Уздзенскай сярэдняй школе №2. У Мінску на доме №76 па праспекце Незалежнасці, у якім жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імем названы вуліцы ў гарадах Мінску і Уздзе.