21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы!
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Кожны народ — гэта не толькі непаўторная культура, гісторыя, традыцыі. Перш за ўсё, гэта мова. Менавіта ў ёй перадаюцца ўсе асаблівасці вобраза жыцця народа.

Прадстаўнікі Магілёўскай натарыяльнай акругі прынялі ўдзел у мерапрыемстве «Мова родная, беларуская», падрыхтаваным бібліятэкарамі ўстановы культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна».

Удзельнікі сустрэчы даведаліся аб гісторыі стварэння свята, галоўная мэта якога — прадухіляць выміранне моў і падтрымліваць моўную разнастайнасць у свеце. Даведаліся шмат цікавых фактаў аб гісторыі фарміравання і сучасным стане беларускай мовы. З цікавасцю паслухалі аб дзейнасці Магілёўскай абласной бібліятэкі, накіраванай дапамагаць падрастаючаму пакаленню ўсвядоміць сваю прыналежнасць да беларускай нацыі, адчуць непаўторны каларыт нашай культуры, пачуць меладычнасць гучання роднай мовы. Пазнаёміліся з краязнаўчымі інтэрнэт-праектамі і базамі даных, размешчанымі на сайце бібліятэкі, якія папулярызуюць гістарычную і культурную спадчыну Беларусі ў анлайн-прасторы.


У заключэнне сустрэчы прайшла моўная размінка, падчас якой праверылі, наколькі добра ўсе ведаюць родную мову, а пасля гэтага прачыталі вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

