«Кожную пятніцу — роднае сваё»: Густ бабулінага клопату

У мітусні працоўных будняў, сярод дакументаў, тэрміновых задач і юрыдычных тэрмінаў, лёгка забыцца аб тым, што дае нам сапраўдную сілу. А сіла гэтая - у нашых каранях.

У рамках праекту «Кожную пятніцу - роднае сваё» моладзь Магілёўскай натарыяльнай акругі арганізавала незвычайна цёплую «Кулінарную пятніцу», каб на некаторы час вярнуцца туды, дзе заўсёды чакаюць і любяць, - ва ўтульнасць роднай беларускай хаты.
Кухня ў беларускім доме - гэта не проста месца, дзе гатуюць ежу. Гэта святая прастора, дзе праз простыя рэцэпты перадаецца наш культурны код. У цэнтры ўвагі - беларуская печ, гаспадыня дома. Для прадстаўнікоў Магілёўскай натарыяльнай акругі з ліку моладзі Ягора Лабанава і Яніны Шыловіч падрыхтоўка сапраўднага беларускага сняданку стала білетам у бесклапотнае дзяцінства. Туды, дзе раніца пачыналася не са званка будзільніка, а з ціхага трэску дроў у печы і ласкавага шэпту бабулі.

«У працэсе гатавання ажывалі традыцыі і нараджалася разуменне, як важна берагчы жывую гісторыю сваіх сем'яў. Бо пераемнасць пакаленняў - гэта не толькі прозвішча ў пашпарце, але і той самы густ румянага бліна, падзеленага з блізкімі» - падзялілася Яніна Шыловіч.
Дым з печы, чыгунная патэльня і вілкі. Прыгатаванне страў ператварылася ў сапраўдны рытуал.

Дранікі з залацістымі скваркамі і вясковымі яйкамі: як і дзесяцігоддзі таму, бульбу церлі з душой. Галоўны сакрэт «тых самых» дранікаў - у чыгуннай патэльні і скварках з хатняга сала, якія апетытна шыпяць, напаўняючы хату водарам дастатку і ўтульнасці. Кожны дранік - як хрумсткі залаты самародак з далікатным, растаючым асяродкам.А побач - вясковыя яйкі. У іх бялок засмажыўся ў карункавую аблямоўку, а жаўток - яркі, як летняе сонца.
Бліны на сыроватцы «Пухлякі»: Гэта была асаблівая магія. Цеста на сыроватцы, якая застаецца пасля падрыхтоўкі хатняга тварагу, якое доўга «дыхала» ў цяпле, ператваралася ў печы ў пышныя, карункавыя бліны. Такія бліны не смажаць, а «пякуць». Падаваліся яны гарачымі, шчодра палітымі ліпавым мёдам, які маментальна ўбіраўся ў порыстую структуру. А следам з печы даставалі румяныя пышкі - сімвал гасціннасці і простага чалавечага шчасця.

Стол упрыгожылі саленні са склепа, пышкі і духмяны ліпавы чай. Ажыўляючы традыцыі продкаў, моладзь Магілёўскай натарыяльнай акругі пацвярджае: мы памятаем свае карані. Бо толькі той, хто шануе сваё мінулае, можа ўпэўнена будаваць будучыню.