«Размаўляем па-беларуску»

18 лютага у мэтах папулярызацыі беларускай мовы як фундаментальнага элемента нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнасці ў Магілёве адбылася значная культурная падзея. Магілёўская абласная натарыяльная палата пры падтрымцы Магілёўскай абласной бібліятэкі імя В.І. Леніна арганізавала тэматычнае мерапрыемства «Размаўляем па-беларуску», прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.

Магілёўская натарыяльная акруга актыўна падтрымлівае рэспубліканскую акцыю «Кожную пятніцу — роднае сваё». Гэты праект закліканы зрабіць выкарыстанне беларускай мовы добрай і трывалай звычкай у працоўных калектывах і паўсядзённым жыцці.

Свята аб’яднала розныя пакаленні і прафесіі: натарыусаў, работнікаў натарыяльнай акругі, выкладчыкаў, будучых журналістаў і таленавітую творчую моладзь. Актыўны ўдзел у праграме прынялі студэнты-першакурснікі спецыяльнасці «Журналістыка» (група 2108251): Эліна Апанасенка, Марыя Вассараўдзіс, Сяргей Іванчыкаў, Віталіна Наўроцкая, Валерыя Палякова і Караліна Шацкая.


Музычную атмасферу вечара стваралі навучэнцы Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава. Лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў — Аляксандра Гарбунова, Кацярына Грашчанка, Глеб Сувораў і Анастасія Кунец — выканалі творы выбітных беларускіх кампазітараў: В. Жывалеўскага, Я. Глебава, Л. Маліноўскага і П. Дзенісенкі.

Сустрэча пачалася з размовы аб важнасці роднай мовы ў жыцці кожнага чалавека і ў захаванні духоўнай спадчыны народа.


Студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта ўніверсітэта правялі для прысутных інтэлектуальна-пазнавальную віктарыну, падчас якой праверылі веды ў галіне лінгвістыкі, гісторыі і культуры роднай мовы.



Потым прысутныя прынялі ўдзел у інтэрактыўнай каманднай гульне «Знаўцы роднай мовы». Удзельнікам прапанавалі разнастайныя заданні, ад разгадвання прыказак і прымавак да адказаў на пытанні па гісторыі ўзнікнення слоў.

Прысутныя, выяўляючы кемлівасць і знаходлівасць вызначалі словы па яго лексічным значэнні; тлумачылі значэнне слоў і фразеалагізмаў; адгадвалі загадкі; перакладалі словазлучэнні з рускай на беларускую мову. Усе паспяхова прайшлі выпрабаванні і па выніках гульні, перамогу атрымала каманда, якая вызначалася выдатным веданнем беларускай мовы.

Магілёўская натарыяльная акруга выказвае вялікую ўдзячнасць супрацоўнікам установы культуры «Магілёўская абласная бібліятэка імя В.І. Леніна», выкладчыку гісторыка-філалагічнага факультэта ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова» В.М. Шэршневай, а таксама педагогам установы адукацыі «Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава» — В.Ф. Грашчанку, Н.Я. Пятровіч, А.В. Кобраву, В.В. Кунец.

Асобная падзяка за аказанае садзейнічанне і выхаванне таленавітай моладзі выказваецца рэктару Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова Ю.В. Машыну і дырэктару Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава А.Я.Курсакаву.
Мерапрыемства стала яскравым сведчаннем таго, што беларуская мова з’яўляецца не толькі культурным здабыткам, але і жывым інструментам яднання грамадства.
Беражлівае стаўленне натарыяльнай супольнасці да роднага слова спрыяе захаванню нацыянальных традыцый і падкрэслівае важнасць дзяржаўнай мовы ва ўсіх сферах жыцця краіны — ад юрыдычнай практыкі да мастацкай творчасці.