Бібліятэка — пляцоўка для цікавых сустрэч
Шаркаўшчынская раённая бібліятэка ў наш час ўжо даўно перастала быць проста бібліятэкай. Зараз – гэта яшчэ і пляцоўка для правядзення розных мерапрыемстваў – такіх як лекцыі, адкрытыя ўрокі для вучняў, сустрэчы з цікавымі людзьмі – паэтамі, пісьменнікамі, прадстаўнікамі розных прафесій. Нядаўна ў Шаркаўшчынскай раённай бібліятэцы для супрацоўнікаў гэтай установы была арганізавана сустрэча з натарыусам “Пагаворым аб праве”. Натарыус натарыяльнай канторы Шаркаўшчынскага раёна Жанна Генадзьеўна Сініца адказала на шматлікія пытанні супрацоўнікаў бібліятэк па грамадзянскаму, жыллёваму і сямейнаму праву, правяла індывідуальныя кансультацыі. Арганізатар і вядучая мерапрыемства бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Паліна Аляксандраўна Чарняўская зрабіла агляд кніжна-часопіснай выставы “Пагаворым аб праве”, на якой былі прадстаўлены юрыдычныя выданні па розных прававых пытаннях: абароне праў спажыўцоў, аб адміністрацыйным і крымінальным праве і г. д. Натарыус у падарунак бібліятэцы передала мальўнічыя буклеты, распрацаванныя Беларускай натарыяльнай палатай на розныя тэмы натарыяльнай дзейнасці. Усе, хто прысутнічаў на мерапрыемстве ў гэты дзень, атрымалі бясплатную кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. Такія сустрэчы будуць абавязкова працягвацца, было адзначана ў гэты дзень.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ. (газета "Шарковщина.Клiч Радзiмы".)