У дапамогу дзецям — натарыят
Знамянальны і радасны дзень на гэтым тыдні ў сваім сямейным летапісе адлічыла шматдзетная сям’я Ніны і Уладзіміра Каладынскіх, якая пераехала ў новую прасторную кватэру, цалкам пабудаваную за сродкі дзяржавы.
Да таго ж святочны настрой дзяцей і бацькоў узмацніўся, дзякуючы клопату натарыусаў нашай вобласці, якія ўжо не першы год праводзяць акцыю “Збяром партфель у школу”.
Да навасёлаў з падарункамі для школьнікаў завіталі натарыус натарыяльнага бюро № 2 г. Віцебска Ціна Клінцэвіч і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч. Шасцікласнік Віктар і дзевяцікласнік Дзмітрый з задавальненнем атрымалі новую школьную форму, спартыўныя касцюмы, абутак, рукзакі і шматлікія канцэлярскія прылады. Безумоўна, гэта вельмі адчувальная дапамога для сямейнага бюджэту.
— Натарыусы Віцебшчыны, — адзначыла Ц. Клінцэвіч, — не застаюцца ўбаку ад правядзення дабрачынных акцый і, акрамя сваіх прафесійных абавязкаў, заўсёды знаходзяць час і грашовыя сродкі, каб дапамагчы дзецям з радасцю сустрэць пачатак навучальнага года.
Безумоўна, Ніна Іванаўна і Уладзмір Віктаравіч, у сваю чаргу, выказваюць шчырую ўдзячнасць натарыусам вобласці за іх увагу і клопат.
Алена Пятушка (карр. газеты "Браслаўская звязда").
Фота аўтара.