Единая информационная линия

Пра эвалюцыю і заканадаўчыя навелы натарыята расказалі на канферэнцыі

28 ноября 2023
Белорусская нотариальная палата
Пра эвалюцыю і заканадаўчыя навелы натарыята расказалі на канферэнцыі
Засведчыць тастамент, атрымаць пасведчанне аб праве на спадчыну і здзейсніць шэраг іншых натарыяльных дзеянняў можна будзе неўзабаве аддалена, не выходзячы з дому. Пашыраецца шэраг бясспрэчных патрабаванняў, спагнанне па якіх адбываецца на падставе выканаўчага надпісу натарыуса, а таксама пашыраецца адказнасць натарыуса за вытрымліванне вызначаных законам патрабаванняў. Мяркуецца, што чарговыя карэкціроўкі Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» будуць прынятыя парламентам Беларусі ў найбліжэйшы час, і натарыусы ўступяць у новы год з абноўленым заканадаўствам. Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 10-годдзю прыняцця Указа Прэзідэнта № 523 «Аб арганізацыі натарыяльнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», закранулі гістарычныя этапы развіцця прафесіі натарыуса, абмеркавалі навацыі нацыянальных заканадаўстваў у сферы натарыяту, пытанні лічбавізацыі і выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці натарыусаў.

Другое нараджэнне

Указ вызначыў арганізацыйныя і сацыяльна-эканамічныя асновы дзейнасці натарыята, на падставе якіх натарыусы працуюць апошнія дзесяць гадоў. За гэты час у Беларусі адбылося амаль 15 мільёнаў натарыяльных дзеянняў, што сведчыць пра значны ўнёсак айчыннага натарыята ў фарміраванне стабільнага, адзначыла Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты (БНП):

— Натарыят Беларусі часам называюць інстытутам дасудовага правасуддзя, і нам вельмі важна выконваць гэтую місію адказна, якасна і фарміраваць такую натарыяльную практыку, вынікі якой не будуць павялічваць нагрузку на судовую сістэму.

Для ўдасканалення якасці натарыяльнага абслугоўвання плануецца развіццё сістэмы бесперарыўнага павышэння кваліфікацыі натарыусаў і работнікаў натарыята для фарміравання моцнага кадравага патэнцыялу. Каб замацаваць веды, павінна ўкараніцца сістэма фарміравання партфеля ведаў, якая мае на мэце падрыхтоўку і перадачу натарыусу (пасля кожнага адукацыйнага мерапрыемства) узораў дакументаў абязлічаных судовых пастаноў, кароткіх прававых пазіцый. Ужо налета правяраць, як засвоены матэрыял, мяркуецца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій (рабіць гэта пачалі ўжо, дарэчы, сёлета), паведаміла старшыня БНП.

Не інфармацыйна, а афіцыйна

У самой назве канферэнцыі «Натарыят — эвалюцыя развіцця прафесіі: прыхільнасць традыцыям, прыняцце новых выклікаў сучаснасці» закладзена сутнасць яе правядзення: гэта і гісторыя, і ацэнка сённяшняга, і погляд у будучыню. Мэта пасяджэння — даць магчымасць зверыць часы натарыятам сяброўскіх дзяржаў на існуючым этапе, заўважыў Сяргей Хаменка​, міністр юстыцыі Беларусі:

— Галоўнае — выконваць асноўную задачу натарыята — абараняць законныя правы грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама вытрымліваць дзяржаўныя інтарэсы. Асаблівым прыкладам пры гэтым павінны служыць натарыят Беларусі, бо менавіта тут прынцып дзеля чалавека і ў імя чалавека вытрыманы ў поўнай меры. Ступень даверу да нашага натарыята сведчыць пра павагу не толькі да нашай краіны, але і да айчынных натарыусаў, паколькі натарыят Беларусі з’яўляецца базавай арганізацыяй дзяржаў — удзельніц СНД у сферы натарыяльнай дзейнасці.

Урэшце натарыяты краін СНД павінны прыйсці да экстэрытарыяльнага прынцыпу дзейнасці, каб чалавек, знаходзячыся ў адной краіне, мог атрымаць натарыяльную паслугу з іншай дзяржавы СНД. А ў перспектыве гэта, магчыма, распаўсюдзіцца і на іншыя сяброўскія дзяржавы. Са свайго боку Мінюст пастаянна аказвае метадалагічную дапамогу ў дзейнасці натарыята і падтрымку на дзяржузроўні пры вырашэнні пэўных натарыяльных задач, лічыць міністр.

Каб натарыяльнае ўзаемадзеянне паміж краінамі стала не інфармацыйным, а афіцыйным, трэба яшчэ папрацаваць, мяркуе Канстанцін Корсік, прэзідэнт Федэральнай натарыяльнай палаты Расіі.

— Зараз, калі, напрыклад, расійскі натарыус адкрыў спадчынную справу, а хтосьці са спадчыннікаў жыве ў Беларусі, то спецыяліст робіць запыт праз расійскае Міністэрства юстыцыі ў беларускае, а пасля ўся інфармацыя гэткім жа чынам вяртаецца назад. І такі абмен можа зацягнуцца на паўгода. Трэба зрабіць сувязь непасрэдна паміж натарыусамі больш аператыўнай, каб грамадзяне не чакалі месяцамі.

Даведацца, хто адкрыў спадчынную справу, у Расіі можна спакойна на партале Федэральнай натарыяльнай палаты, а ў Беларусі — на сайце Беларускай натарыяльнай палаты.

— Перавод беларускага натарыята на пазабюджэтныя рэйкі дзесяць гадоў таму стаў важнай з’явай у жыцці натарыусаў Беларусі. Такое рашэнне апраўдала сябе, а БНП даказала сваю грунтоўнасць, карыснасць і патрэбнасць дзяржаве і грамадству. Гэта эфектыўная мадэль, якая дазваляе забяспечваць правы грамадзян, бяспеку і стабільнасць грамадзянскага абароту, — дадаў Канстанцін Корсік.

Правядзенне канферэнцыі ў перыяд ўдасканальвання заканадаўства аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці актуальнае і будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню беларускага натарыята, перакананы Валянцін Сукала, старшыня Вярхоўнага суда (ВС), які заўважыў, што прыняты 10 гадоў таму ўказ можна лічыць другім нараджэннем беларускага натарыята ў яго новым выглядзе і якасці:

— Прыняццю гэтага ўказа папярэднічалі актыўныя дыскусіі аб кірунках, перспектывах станаўлення натарыяту, аб ролі дзяржавы ў яго рэгуляванні, паўнамоцтвах БНП і Мінюста. Вярхоўны суд заўжды быў прыхільнікам пошуку найбольш аб’ектыўнай і сучаснай мадэлі беларускага натарыята, таму яго рэфармаванне было агульнай складальнай часткай судова-прававой рэформы. Менавіта ў гэты перыяд былі сфарміраваны адзіная судовая сістэма, следчы камітэт, незалежны дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, змянілі функцыі МУС, Мінюст, Генпракуратура.

У выніку комплекснай судова-прававой рэформы натарыят нашай краіны сфарміраваўся функцыянальна, цэнтралізавана, набыў самастойнасць. Сёння натарыят — магутны прававы інстытут, які паспяхова існуе на прынцыпах самакіравання і самафінансавання, з’яўляецца важнай і неад’емнай часткай прававой сістэмы. Натарыят забяспечвае стабільнасць грамадзянскага абароту, абарону правоў і законных інтарэсаў самых шырокіх слаёў насельніцтва шляхам здзяйснення натарыяльных дзеянняў, нагадаў старшыня ВС:

— Натарыят прымае эфектыўныя меры па забеспячэнні якасці, даступнасці і сацыяльнай скіраванасці натарыяльных паслуг. А тлумачэнне заканадаўства — найважнейшая сацыяльная функцыя па прававым выхаванні і адукацыі людзей, павышэнні іх прававой культуры. Дзейнасць судоў і натарыяльных кантор заўжды непарыўна звязана паміж сабой, яе варта разглядаць як лагічныя ўзаемазвязаныя этапы працэса абароны права. І суддзя, і натарыус як носьбіты ўладных паўнамоцтваў выступаюць ад імя дзяржавы і кіруюцца адзінымі прынцыпамі законнасці, бесстароннасці і незалежнасці.

Адносіны суддзяў і натарыусаў заўжды канструктыўныя і ўяўляюць узаемны інтарэс. А сярод найлепшых суддзяў краіны нямала тых, чыя юрыдычная кар’ера ўключае натарыяльную дзейнасць. Тым не менш у суд большасць грамадзян звяртаецца за абаронай ужо парушанага права і вырашэннем канфлікту, які ўзнік. А натарыусы здзяйсненнем натарыяльных дзеянняў папярэджваюць узнікненне саміх канфліктаў, патлумачыў ён:

— Далейшае развіццё пазасудовага ўрэгулявання прававых канфліктаў, у тым ліку шляхам выкарыстання патэнцыялу натарыята — адзін з важных кірункаў удасканальвання судовай вытворчасці. І ў цэлым беларускі натарыят адбыўся і займае прыстойнае месца сярод краін СНД.

Больш падрабязна у газеце "Звязда"

Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies