Единая информационная линия

Што абмяркоўвалі на форуме Саюза юрыстаў

4 декабря 2023
Белорусская нотариальная палата
Пытанні лічбавізацыі ўсіх сфер эканомікі; абарона нацыянальнай бяспекі; рэалізацыя канцэпцыі прававой палітыкі, прынятай два дні таму; ахова персанальных даных (у тым ліку ў кіберпрасторы); стварэнне прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў юрыдычнай сферы. Гэтыя і шмат якія іншыя кірункі развіцця права цягам двух дзён абмяркоўвалі спецыялісты ў рамках 22 тэматычных секцый і пленарнага пасяджэння падчас правядзення форуму Саюза юрыстаў «Права ў сучасным свеце».

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства

Права — не проста рэгулятар грамадскіх адносін, але і адзін з найважнейшых фактараў забеспячэння нацыянальнай бяспекі, дзяржаўнага будаўніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця і кансалідацыі грамадства вакол базавых каштоўнасцяў, якія замацаваны ў Канстытуцыі, адзначалі ўдзельнікі форуму.

Форум праходзіць у незвычайны час, які трансфармуецца. Мяняецца міжнародны парадак дня, эканамічныя адносіны, адпаведна, права павінна адлюстроўваць актуаліі і чуйна рэагаваць як на ўнутрырэспубліканскія змены, так і на міжнародныя адносіны, адзначыла Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:

— Саюз юрыстаў імкнецца быць у трэндзе, таму сёлета ён правёў абгрэйд сваёй пляцоўкі і адлюстраваў на форуме ўсе найбольш актуальныя пытанні: захаванне гістарычнай памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, суверэнітэце Беларусі, прымяненне блакчэйн-тэхналогій, лічбавізацыя, эканамічныя праваадносіны, звязаныя з прымяненнем медыяцыі і новых форм гаспадарчага працэсу. Было разгледжана шмат пытанняў, якія датычацца маладзёжнай тэмы.

Юрысты працуюць у многіх сферах, забяспечваюць інтарэсы як прыватнага бізнесу, так і дзяржаўныя. І вельмі важна сумясціць гэтыя інтарэсы. Пляцоўка Саюза юрыстаў мусіць стаць месцам, дзе будзе дасягнута дзяржаўна-прыватнае партнёрства, удакладніла спікер:

— Усе прапановы павінны быць не рэвалюцыйнымі, а забяспечваць паступовае трансфармаванне грамадскіх адносін, інакш настане хаос. На ўсе змены, якія нам падкідвае жыццё, трэба тэрмінова рэагаваць, практычна без аглядкі на інтарэсы іншых дзяржаў прымаць тыя рашэнні, якія важныя для нас.

Лічбавізацыя адміністрацыйных працэдур адбываецца для таго, каб паставіць тэхналогіі на службу грамадзян. Сёння ў закон «Аб асновах адміністрацыйных працэдур» прыняты чарговыя змены, якія ў найбліжэйшы час будуць падпісаны, выказала надзею Вольга Чупрыс.

Натарыят у лічбе

Мяркуецца, што да 2030 года практычна ўсе натарыяльныя дзеянні (для тых грамадзян, якія захочуць атрымліваць іх з канапы) могуць быць пераведзены ў лічбавы фармат. А вось дзевяць натарыяльных дзеянняў, якія можна будзе здзяйсняць аддалена, з’явяцца ў найбліжэйшыя паўгода ў рамках адкарэкціраванага Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці», які рыхтуецца парламентам да другога чытання. Натарыят убудоўваецца ў сістэму лічбавізацыі ўсіх сфер грамадскіх адносін і ў пэўным сэнсе выступае драйверам фарміравання лічбавага асяроддзя, таму што аўтаматызацыя працэсаў у рамках натарыяльнай дзейнасці і здзяйснення натарыяльных дзеянняў даўно распачата, адзначыла Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты (БНП):

— Гэта, у прыватнасці, прыняцце ў дэпазіт грашовых сродкаў і каштоўных папер, выдача дублікатаў натарыяльных дакументаў, пасведчанняў аб праве на спадчыну, пасведчанняў аб праве ўласнасці. Без наведвання натарыуса можна будзе таксама забяспечваць пісьмовыя доказы для вядзення спраў у судах, а таксама сведчыць дакладнасць перакладу дакумента з адной мовы на іншую.

Важна стварыць максімальна камфортныя ўмовы для тых, хто зацікаўлены ў атрыманні натарыяльных дзеянняў і пры гэтым не згубіць у якасці. Варта, пэўна, нівеліраваць некаторыя моманты, якія могуць быць выкліканы так званай лічбавай няроўнасцю, бо мы працуем не толькі з моладдзю, але з людзьмі паважанага ўзросту, якія не настолькі добра разумеюць, што такое лічба ці гаджэт і, магчыма, не ведаюць, як можна націснуць на кнопку, каб пагрукацца ў пэўны дзяржорган, каб вырашыць пэўнае пытанне, удакладніла старшыня БНП:

— Аўтаматызацыя — гэта добра, аднак важна, каб інфармацыйныя тэхналогіі не падмянілі сабой адносіны паміж спецыялістам і зацікаўленым бокам, падчас якіх павінны быць выяўлена сапраўдная воля і намер боку па дасягненні пэўнага прававога выніку. А натарыус павінен мець магчымасць данесці да ўдзельніка натарыяльнага дзеяння тыя прававыя наступствы адносна самога сябе, якія ён панясе ў выніку сваіх дзеянняў. 

Больш падрабязна у газеце "Звязда"


Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies