У Мінску абмеркавалі работу базавай арганізацыі СНД у сферы натарыяту
Давераны трэці бок
Арганізацыя, якая працуе ўжо два гады, першая такая суполка юрыдычнага профілю на прасторах СНД. Сёння важна зразумець, як яе стварэнне паўплывала на натарыяльныя практыкі краін, таму што за гэты час членамі натарыяльнай суполкі ў межах СНД сумесна праведзена шмат мерапрыемстваў і дасягнута нямала вынікаў, адзначыла Наталля БАРЫСЕНКА, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты (БНП):
— Да ўдзелу ў мерапрыемствах прыцягваліся вучоныя, практыкуючыя юрысты, натарыўсы неаднаразова ўдзельнічалі ў пасяджэннях рабочых груп выканаўчага камітэта СНД. Зараз мы на парозе пераходу да электроннага абмену дакументамі як унутры натарыяльных суполак, так і ў прыватным прававым парадку. То-бок мы хочам даць магчымасць грамадзянам, якія атрымалі натарыяльны акт у выглядзе электроннага дакумента, прад’явіць яго ў суседняй краіне бе з пераводу на папяровы носьбіт. Сёння гэтаму пакуль крыху перашкаджае адсутнасць існавання ў нашых краінах давераных трэціх бакоў. Гэта арганізацыі, якія створаны ўжо ў некалькіх краінах, і дазваляюць праверыць на сапраўднасць і цэласнасць электронны дакумент, створаны і абаронены ў адпаведнасці з заканадаўствам адной дзяржавы, і пацвердзіць, што ў гэты дакумент не ўносіліся змены і яго зместу можна давяраць. І гэта вельмі важна, калі мы працуем з дакументамі, якія пацвярджаюць пэўныя маёмасныя і не маёмасныя правы грамадзян.
Са з’яўленнем такой магчымасці для людзей будуць створаны камфортныя ўмовы, а натарыўсы змогуць аператыўна абменьвацца інфармацыяй. Гэта таксама паўплывае і на выніковы кошт дакумента, таму што скароціцца час на работу з ім і павысіцца якасць работы ў цэлым, удакладніла старшыня БНП.
Курс на электроннае ўзаемадзеянне
Асноўная задача базавай арганізацыі СНД у сферы натарыяльнай дзейнасці — умацаванне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і абмену вопытам натарыятаў, падкрэсліў Мікалай СТАРАВОЙТАЎ, намеснік міністра юстыцыі Беларусі:
— Нягледзячы на існаванне асаблівасцяў прававога рэгулявання пытанняў натарыяльнай дзейнасці ў краінах-удзельніцах СНД, паміж іх натарыятамі шмат агульнага. Хутчэй за ўсё таму, што ўсе яны выйшлі з Савецкага Саюза. І самая галоўная іх задача — забяспечыць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян шляхам здзяйснення натарыяльных дзеянняў.
За два гады ў сферы натарыята было зроблена шмат работы. Гэта стажыроўкі, абмен практыкамі і вопытам краін, відэаканферэнцыі, семінары, вебінары. Вельмі цікавым, напрыклад, стаўся абмен натарыяльным вопытам у сферах аўтамотатранспарту, электроннага апастылю і электроннага дакументаабароту, падзяліўся ўражаннямі Дзілшод АШУРАЎ, старшыня натарыяльнай палаты Рэспублікі Узбекістан:
— У найбліжэйшай будучыні мы плануем абменьвацца дакументамі паміж краінамі ў электронным варыянце. Гэта можа датычыцца, напрыклад, даверанасцяў на здзяйсненне здзелак прадстаўніком арганізацыі на месцы (за мяжой). Сёння мы можам праверыць, ці адменена даверанасць, ці існуе тастамент, або ці адкрыта спадчынная справа ў краінах-удзельніцах базавай арганізацыі.
Больш падрабязна у газеце "Звязда"