Вы прасілі расказаць...
Каб была роднай ва ўсім
— Мы з мужам развяліся тры гады таму. Апошні год я замужам за іншым чалавекам, які вельмі любіць маю дачку ад першага шлюбу. Цяпер Леначцы чатыры гады, і яна лічыць, што мой новы муж Аляксандр — яе сапраўдны тата. Ён хоча ўдачарыць маю дачку, каб яна была яму роднай ва ўсім. Ці можна зрабіць гэта, калі мой былы муж не пазбаўлены бацькоўскіх правоў?
Антаніна Х, г. Слуцк.
На пытанні адказвае Сяргей Серафімовіч, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі:
— Калі былы муж згодны з тым, што вашу дачку жадае ўдачарыць новы муж, праблем не ўзнікне — для гэтага трэба выканаць пэўны алгарытм дзеянняў. Калі ж ён супраць, а прычыны для пазбаўлення яго бацькоўскіх правоў няма, то вырашыць пытанне на карысць новага мужа наўрад ці ўдасца. У любым выпадку, рашэнне па такіх справах прымаецца ў судзе з удзелам органаў апекі і папячыцельства, а калі дзіцяці ўжо споўнілася 10 гадоў, то яго жаданне — застацца сынам (дачкой) біялагічных бацькоў ці не — таксама будуць улічваць.
Каб чужое дзіця можна было ўсынавіць, адзін ці абодва яго біялагічных бацькоў павінны быць пазбаўлены сваіх правоў на малога, сведчыць артыкул 80 Кодэкса аб шлюбе і сям’і (далей — Кодэкс. — Аўт.). Родны бацька павінен падаць у орган апекі і папячыцельства заяву, дзе будзе прапісана адмова ад дзіцяці і ўказана згода на далейшае ўсынаўленне пры яго асобным з малым пражываннем. Форма такой заявы вызначана пастановай Міністэрства адукацыі № 20 «Аб некаторых пытаннях усынаўлення (удачарэння), устанаўлення апекі, папячыцельства над дзецьмі, перадачы дзяцей на выхаванне ў прыёмную сям’ю, дзіцячы дом сямейнага тыпу, на патранатнае выхаванне, вяртання дзяцей бацькам» ад 12.03.2007, дзе біялагічны бацька можа нават указаць, каб яго не выклікалі ў суд.
Сярод іншых прычын для пазбаўлення бацькоўскіх правоў — ухіленне ад выканання бацькоўскіх абавязкаў ці злоўжыванне імі (жорсткае абыходжанне з малым), амаральны лад жыцця, што згубна адбіваецца на дзіцяці. У артыкуле 81 Кодэкса сказана, дарэчы, што іск аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў можа прад’явіць адзін з бацькоў. Аднак калі паводзіны адказчыка не адпавядаюць ніводнай з падстаў для пазбаўлення яго правоў на дзіця, а сам ён адмаўляцца ад малога не хоча, то малаверагодна, што суд зойме бок заяўніка.
Калі ж бацька пагаджаецца адмовіцца ад дзіцяці на карысць новага таты, то пасля ўступлення ў сілу судовага рашэння правы біялагічнага бацькі на малога спыняюцца і пераходзяць да новага. У артыкуле 82 Кодэкса абазначана, што бацькі, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, губляюць усе правы, якія былі заснаваны на факце сваяцтва з дзіцем. Гэткія ж правы губляюць і сваякі бацькі, пазбаўленага правоў на дзіця, то-бок, разам з бацькам малы пазбаўляецца бабулі і дзядулі па яго лініі і права на іх спадчыну. Але набывае новых родных разам з новым «біялагічным» татам, які яго ўсынаўляе, і права на спадчыну ад іх. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў, дарэчы, не вызваляе бацьку ад абавязкаў па ўтрыманні дзіцяці.Больш падрабязна у газеце "Звязда".