Выканаўчыя надпісы па крэдытных запазычанасцях будуць дыстанцыйнымі

1 февраля 2023
Белорусская нотариальная палата
Выканаўчыя надпісы па крэдытных запазычанасцях будуць дыстанцыйнымі
Натарыят чакае максімальная лічбавізацыя і перавод натарыяльных дзеянняў у выдалены (дыстанцыйны) фармат. Ужо прынятае рашэнне па пераводу ў дыстанцыйны фармат здзяйснення выканаўчых надпісаў. Аднак прававое рэгуляванне вызначана пакуль толькі па такой катэгорыі спагнання, як запазычанасць па крэдытных абавязках, паведаміла Наталля Барысенка, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты (БНП) на паседжанні арганізацыі, дзе юрысты падвялі вынікі работы за 2022-і і вызначылі задачы на гэты год.

Аўтаматызацыя працэсаў, атрыманне неабходнай інфармацыі і прадастаўленне яе ў рэгіструючыя органы — тое, што натарыусы плануюць ажыццявіць у бліжэйшай будучыні.

— Мы будзем аналізаваць магчымасць прапанаваць перавод у такі фармат і іншым катэгорыям спагнаннікаў, калі ім гэта зручна. Як толькі будзе сфарміравана лічбавае асяроддзе і патрэба ў грамадства, натарыусы будуць падштурхоўваць грамадства да пераходу на электронны дакументаабарот, аднак гэта не азначае, што мы адмаўляемся ад жывых стасункаў і пераходзіць на дыстанцыйнае выяўленне волі, — агучыла старшыня.

Працягнецца і алічбоўка архіўных натарыяльных дакументаў, некаторыя з якіх датуюцца 40 гадамі. Ёсць такія катэгорыі папер, за захаванне якіх натарыусы ўжо перажываюць, таму каб захаваць іх для нашчадкаў, варта аблічбаваць іх змест. Аднак пакуль людзі ўсё ж бліжэй да паперы, чым віртуальнага асяроддзя, мяркуюць эксперты.

Лічбавізацыя — досыць працяглы працэс. Нельга ды ўвогуле і не трэба аблічбоўваць адразу і ўсё, і ў тым ліку нельга пераходзіць на фармат анлайн-узаемадзеяння з грамадзянамі, нават калі яно забяспечваецца з дапамогай самых сучасных тэхналогій. Няма нічога лепшага за жывую гутарку, акрэсліла Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Яна падзялілася з натарыусамі ацэнкай з’яў, якія адбываюцца зараз у краіне і свеце, і ўзняла пытанне, як функцыянаваць цягам бліжэйшага года:

— У канцы гэтага года мы ўвойдзем у актыўны электаральны цыкл. Напачатку 2023-га нас чакае адзіны дзень галасавання па выбару дэпутатаў усіх узроўняў, членаў Савета рэспублікі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Трэба чакаць росту актыўнасці дэструктыўных сіл, каб раскачаць абстаноўку ў краіне, так што натарыусы павінны быць узброены ведамі.

З нядаўняга часу практычна ўсе натарыяльныя дзеянні, за выключэннем прывязкі да натарыяльнай акругі, маюць экстэрытарыяльны прынцып. Гэта здзелкі з нерухомай маёмасцю, з транспартнымі сродкамі, якія ўвайшлі ў кампетэнцыю натарыусаў зусім нядаўна, абазначыла Наталля Барысенка:

— Натарыусы ўжо заверылі больш за дзесяць натарыяльных дзеянняў па адчужэнні транспартных сродкаў, хаця заканадаўства змянілася літаральна дзесяць дзён назад. Людзі кажуць, што звяртаюцца да нас, бо хочуць надзейную здзелку, гарантыю сваіх правоў, забеспячэнне сваіх інтарэсаў, у тым ліку і ў дачыненні транспарту, які мае даволі істотны кошт. Як паказала практыка, да нас сапраўды прыходзяць купляць і прадаваць даволі дарагія аўто.

Натарыусы мяркуюць, што такім чынам людзі хочуць атрымаць яшчэ больш сур’ёзныя механізмы забеспячэння праў і і законных інтарэсаў удзельнікаў. А натарыят страхуе свае дзеянні, правярае шмат фактаў у межах здзяйснення натарыяльнага дзеяння (супружніцу, саўладальнікаў, калі яны ёсць). Гэтыя праверкі фактаў — абавязковыя дзеянні, пасля аналізу якіх натарыус выдае ўдзельнікам адпаведную інфармацыю ў выглядзе натарыяльнага акта, дзе абазначаны ўсе правы і абавязкі бакоў, і не пазней чым на наступны дзень накіроўвае іх у ДАІ.

Натарыусы ўпэўнены, што ў будучыні змогуць і атрымліваць дакладную інфармацыю ў электронным выглядзе (як гэта ўжо адбываецца), і накіроўваць дакладныя звесткі па здзейсненым здзелкам у гэткім жа электронным выглядзе.

Падрабязней чытайце на сайце газеты "Звязда"

Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies