Единая информационная линия

Якія дакументы натарыус аформіць у канторы, на выездзе ў аграгарадок і дома

17 февраля 2021
Белорусская нотариальная палата

Са студзеня натарыусы выязджаюць працаваць у аграгарадкі згодна з новымі правіламі. А сельсаветы, якія маглі па некаторых пытаннях замяняць натарыусаў, вызвалілі ад паловы гэтых дадатковых функцый. Змены скіраваны на ўдасканаленне афармлення найперш такіх сур'ёзных дакументаў, як завяшчанне, даверанасць і згода. Пра асаблівасці змяненняў карэспандэнту газеты "Звязда" рассказала Радміла ШЧЫРАЯ, намеснік старшыні Мінскай абласной натарыяльнай палаты.

Натарыяльна завераны і проста засведчаны: у чым розніца?

Щирая.jpg

Радміла Шчырая, намеснік старшыні Мінскай абласной натарыяльнай палаты.

У населеным пункце, дзе няма натарыуса, службовыя асобы мясцовых выканкамаў (сельскіх і пасялковых) маюць права ажыццяўляць некаторыя натарыяльныя дзеянні. Са студзеня з кампетэнцый мясцовых выканкамаў пэўныя натарыяльныя дзеянні выключылі, і выезды натарыусаў у аграгарадкі сталі больш актуальныя. Хоць і да змяненняў натарыусы таксама выязджалі ў аграгарадкі, расказала Радміла Шчырая:

— Службовыя асобы мясцовых выканкамаў (у большасці сваёй гэта кіраўнікі спраў ці, як іх раней называлі, сакратары) і цяпер могуць ажыццяўляць некаторыя натарыяльныя дзеянні: натарыяльна сведчыць подпіс на дакуменце, завяраць копію ці выпіску з дакумента, выдаць дублікат пэўнай афіцыйнай паперы, якая маецца ў выканкаме, гэтаксама, як і натарыусы. А вось натарыяльна сведчыць даверанасць, завяшчанне і згоду цяпер могуць толькі натарыусы.

Варта звярнуць увагу, што, згодна са змяненнямі, якія дзейнічаюць з 3 студзеня, даверанасці на атрыманне пенсіі ці дапамогі можна зрабіць у сельвыканкаме, але яны ўжо не будуць лічыцца натарыяльна заверанымі дакументамі. Тым не менш атрымліваць па гэтых паперах грошы павераны зможа.

Чаму спатрэбіліся змяненні?

Рашэнне вывесці з кампетэнцый сельвыканкамаў некаторыя натарыяльныя дзеянні прадыктавана практыкай, заўважыла спецыяліст:

— Натарыусы і кіраўнікі спраў — людзі розных кампетэнцый. У апошніх далёка не заўсёды ёсць юрыдычная кваліфікацыя, і натарыяльныя абавязкі былі для іх дадатковай нагрузкай. А нам бы хацелася, каб людзі атрымлівалі кваліфікаваную дапамогу, асабліва ў пытаннях завяшчанняў, бо тут вельмі высокая цана памылкі. Калі падчас складання гэтага дакумента дапускаецца памылка ці выяўляецца недахоп, то выправіць гэта практычна немагчыма. Здаралася, што з-за гэтага спадчыннікі не маглі рэалізаваць свае правы нават праз суд і не атрымлівалі таго, на што разлічвалі.

Як замовіць прыезд натарыуса дадому?

Праз памяншэнне кампетэнцый асоб сельвыканкамаў павялічылася, адпаведна, колькасць выездаў натарыусаў у аграгарадкі і іншыя населеныя пункты, дзе адсутнічаюць натарыяльныя канторы і бюро, аднак ёсць мясцовы распарадчы орган (сельсавет). У гэтым населеным пункце павінны існаваць умовы для натарыяльнай дзейнасці.

За ўсімі натарыяльнымі канторамі і бюро тэрытарыяльнымі натарыяльнымі палатамі замацаваны аграгарадкі адпаведна з месцам іх размяшчэння. Падчас фарміравання графіка выездаў ацэньваецца запатрабаванасць у натарыяльных паслугах у пэўным населеным пункце. Найбольш часта да натарыуса звяртаюцца, дарэчы, з пытаннямі завяшчанняў і даверанасцяў.

— Перш чым фарміраваць графікі выезду (яны складаюцца штоквартальна), спецыялісты абмяркоўваюць зручнасць дат і наяўнасць месцаў для прыёму грамадзян з мясцовымі органамі ўлады ў вёсках і аграгарадках, — акрэсліла Радміла Шчырая. — Калі такіх умоў няма, а чалавеку патрэбна натарыяльная дапамога, то існуе такі варыянт, як выезд натарыуса да месца знаходжання зацікаўленай асобы. Такую сустрэчу таксама можна спланаваць і наведаць гэтага грамадзяніна падчас выязнога прыёму ў аграгарадку. Або проста ў пэўны дзень прыехаць да яго дахаты ці нават у бальніцу, калі яму цяжка дабрацца да натарыуса не толькі ў кантору, але і падчас прыезду спецыяліста ў сельсавет.

Каб пакінуць заяўку на сустрэчу з натарыусам (падчас яго выезду па графіку ў аграгарадок), чалавек можа пазваніць у натарыяльную кантору, якая размяшчаецца згодна з месцам яго пражывання (у райцэнтры), даслаць ліст або напісаць на электронную пошту. І калі будзе хоць адна заяўка, натарыус прыедзе па графіку (раней для выезду патрабавалася не менш як пяць заяў ад людзей). Калі раптам ніводнай заяўкі не будзе, то запланаваны выезд у аграгарадок не адбудзецца, навошта?

Ёсць і выключэнні для выезду па-за межамі графіка, калі паступае заяўка ад удзельніка Вялікай Айчыннай вайны ці асобы з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Натарыус прыедзе ў пэўны дзень, і тады ж да спецыяліста могуць падысці і іншыя грамадзяне.

Якія дакументы трэба мець?

Калі чалавек прыходзіць да натарыуса падчас яго выезду, гэта тое ж самае, калі б асоба звярнулася ў натарыяльную кантору. Патрэбныя дакументы, як правіла, афармляюцца на месцы. Нейкага ўніверсальнага набору папер, якія трэба мець пры сабе, няма, усё залежыць ад пытання, з якім прыйшоў чалавек, падкрэсліла спецыяліст:

— Каб аформіць завяшчанне ці даверанасць, фактычна дастаткова мець пры сабе пашпарт і пенсійнае пасведчанне (калі гаворка ідзе пра льготы). Калі трэба зрабіць больш складаныя дакументы, напрыклад аформіць дарэнне нерухомасці, то чалавек атрымае кансультацыю, а неабходныя для гэтага паперы могуць быць запытаны, па яго просьбе, у адпаведных інстанцыях. Натарыус завядзе папярэднюю справу, ці, як кажуць, «справу аднаго акна». Калі ўсе дакументы будуць сабраныя, чалавека праінфармуюць і заплануюць яшчэ адну сустрэчу, каб канчаткова ажыццявіць натарыяльнае дзеянне. Гэта можна зрабіць у натарыяльнай канторы згодна з графікам выезду натарыуса або ў межах выезду спецыяліста да месца знаходжання зацікаўленай асобы (дадому).
Колькі каштуе паслуга?

Чалавек аплачвае натарыяльны тарыф за ажыццяўленне пэўных натарыяльных дзеянняў. Робіцца гэта па факце работы натарыуса праз банк, пошту, сістэму АРІП. Калі натарыус вядзе прыём у аграгарадку ці выязджае да чалавека дадому, а аплаціць паслугу праз установы асобе складана, то натарыус можа ўзяць у яго наяўныя грошы і выпісаць квітанцыю ўстаноўленага ўзору.

Падрабязней чытайце на сайце газеты "Звязда"


Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies