За мяжу з бацькамі і без іх
Калі адзін супраць — другому трэба ісці ў суд
Непаўналетнія беларусы могуць выязджаць з краіны па сваіх пашпартах — гэта вынікае з Закона «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь». Перасячы граніцу дзеці могуць у суправаджэнні аднаго ці абодвух бацькоў або іншых законных прадстаўнікоў пры прад'яўленні імі супрацоўніку органа пагранічнай службы ці мытнага органа дакументаў, якія пацвярджаюць статус законных прадстаўнікоў непаўналетняга, расказала Святлана Токарава:
— Калі з малым выязджае адзін з законных прадстаўнікоў, ён таксама павінен прад'явіць работнікам адпаведных арганізацый дакумент, які пацвярджае яго статус у дачыненні да непаўналетняга. Дзіця, якое едзе без суправаджэння законных прадстаўнікоў, павінна прад'явіць супрацоўнікам мытнай ці пагранічнай службы пісьмовую згоду абодвух сваіх бацькоў ці законных прадстаўнікоў на выезд за мяжу. Калі ёсць асоба, якая суправаджае непаўналетняга, яна можа прад'явіць згоды бацькоў замест непаўналетняга.
На жаль, здараецца, што ў сям'і меркаванні бацькоў адносна выхавання і аздараўлення дзіцяці разыходзяцца. Тады той з бацькоў, які не згодны з парадкам выезду дзіцяці за мяжу, мае права звярнуцца ў суд і вызначыць іншы парадак выезду. У гэтым выпадку інфармацыя суда аб вызначэнні іншага парадку выезду непаўналетняга за мяжу ўключаецца ў банк даных аб грамадзянах, права на выезд якіх з краіны абмежавана, удакладніла натарыус:
— Як паказвае практыка, пасля скасавання шлюбу бацькі спрабуюць маніпуляваць адно адным, адмаўляючыся даць згоду на выезд дзіцяці за мяжу для аздараўлення. Або адзін з бацькоў можа знаходзіцца ў вышуку. У гэтым выпадку закон аб выездзе і ўездзе ў Беларусь дазваляе непаўналетнім перасякаць мяжу ў складзе агульных або спецыяльных арганізаваных груп дзяцей, якія выязджаюць з краіны на аздараўленне, з пісьмовай згоды толькі аднаго з бацькоў.
Калі за мяжу дзіця збіраецца з некім са сваякоў, а адзін з бацькоў адсутнічае, адмаўляе ў згодзе або яго згоду атрымаць немагчыма, другі з сужэнцаў мае права звярнуцца ў суд. У такім выпадку для перасячэння мяжы замест згоды аднаго з бацькоў будзе дастаткова прад'явіць адну з наступных копій рашэння суда:
- аб магчымасці выезду дзіцяці з краіны без згоды другога законнага прадстаўніка;
- аб прызнанні другога законнага прадстаўніка асобай, якая адсутнічае без вестак;
- аб абвяшчэнні другога законнага прадстаўніка памерлым;
- аб пазбаўленні другога законнага прадстаўніка бацькоўскіх правоў;
- аб прызнанні другога законнага прадстаўніка недзеяздольным.
Калі адзін з бацькоў знаходзіцца ў вышуку, яго згоду замяняе даведка аб знаходжанні ў вышуку, якую выдае орган, што вядзе крымінальны працэс.
— Для перасячэння мяжы без суправаджэння бацькоў непаўналетнія могуць прад'явіць таксама наступныя дакументы: шлюбны дагавор або Пагадненне аб дзецях (ці іх копіі), дзе прадугледжана магчымасць выезду з Беларусі непаўналетняга без згоды другога законнага прадстаўніка, пасведчанне аб смерці (або яго копію) другога законнага прадстаўніка, даведку ЗАГСа (або яе копію) аб тым, што запіс аб бацьку дзіцяці зроблены на падставе заявы маці, якая не пабіралася шлюбам, — удакладніла спецыяліст.
Сведчыць — неабходна! Ламініраваць — нельга!
Згода на часовы выезд дзіцяці ў канкрэтную краіну на дакладны перыяд часу павінна быць засведчана ў натарыуса. Тэкст такіх згод або ключавыя фразы, якія мусяць утрымлівацца ў тэксце згоды, як правіла, прапануе фонд ці арганізацыя, якія займаюцца выездам. Акрамя таго, пасольствы некаторых еўрапейскіх краін хочуць бачыць у прад'яўляльных згодах нейкія дакладныя фармулёўкі, таму задача бацькоў — даць натарыусу такую інфармацыю для ўключэння яе ў тэкст дакумента, акрэсліла Святлана Токарава:
— Здараецца, бацькі звяртаюцца да натарыуса па сведчанне згоды на выезд непаўналетняга за межы Беларусі, аднак нават не ведаюць, куды вязуць іх дзіця. Яны лічаць дастатковым клопатам проста аддаць у школу дакумент, які патрабуецца. На шчасце, такіх бацькоў няшмат.
Пры сведчанні згоды законных прадстаўнікоў непаўналетняга на выезд дзіцяці за мяжу натарыус павінен праверыць дакументы, якія пацвярджаюць сваяцкія адносіны ці сведчаць апеку (папячыцельства). Пералік такіх дакументаў утрымліваецца ў інструкцыі аб парадку здзяйснення натарыяльных дзеянняў. Найбольш дакладныя звесткі аб бацьках і даце нараджэння малога ўтрымліваюцца ў пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці. Калі прозвішча аднаго з бацькоў змянілася, неабходна таксама прад'явіць адпаведныя дакументы.
Можна сведчыць і згоды на часовыя выезды дзіцяці ва ўсе краіны свету, у тым ліку ў краіны Шэнгенскага пагаднення з любой мэтай паездкі да дасягнення малым васямнаццацігадовага ўзросту. Паколькі згода прад'яўляецца пагранічным пастам і мытным органам толькі для прагляду, дакумент застаецца ў дзіцяці ці асобы, якая яго суправаджае, і можа выкарыстоўвацца неаднаразова (калі да паўналецця дзіцяці не зменіцца заканадаўства), удакладніла натарыус:
Ад аплаты натарыяльнага тарыфу за сведчанне згоды вызваляюцца законныя прадстаўнікі непаўналетніх беларусаў, якія з'яўляюцца дзецьмі-сіротамі ці малымі, якія засталіся без апекавання бацькоў і знаходзяцца ў дамах дзіцяці; сацыяльна-педагагічных установах; школах-інтэрнатах для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без папячыцельства бацькоў; дапаможных школах-інтэрнатах; спецыяльных агульнаадукацыйных установах; спецыяльных лячэбна-выхаваўчых установах і іншых установах, якія забяспечваюць умовы для пражывання і ўтрымання дзяцей. А таксама ва ўстановах, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх ці прыёмных сем'ях.— Ламініраваць дакумент не варта. Бывалі выпадкі, калі бацькам прыходзілася звяртацца па сведчанне новай згоды паўторна, бо дзіцяці адмаўлялі ў пропуску праз пагранпост па такім заламініраваным дакуменце. Натарыяльны тарыф за сведчанне згоды не залежыць ад тэрміну дзеяння дакумента і складае 50 % базавай велічыні.
Сёння згода афармляецца не менш як у двух экзэмплярах і не можа перавышаць колькасць асоб, ад якіх яна сведчыцца. Адзін з экзэмпляраў згоды захоўваецца ў справах натарыуса. Калі арыгінал згоды згублены і немагчыма засведчыць аналагічны дакумент, можна звярнуцца да натарыуса для атрымання дубліката згоды.
Крынiца: сайт газеты "Звязда"