Единая информационная линия

Вас слухае натарыус

27 мая 2022
Брестская область
Будько.png

Натарыус – не ўрач, але і да прадстаўніка гэтай прафесіі людзі нярэдка звяртаюцца па дапамогу і задаволеныя, калі атрымліваюць яе кваліфікавана і аператыўна. Сённяшняя наша сустрэча з натарыусам Жабінкаўскага раёна Алесяй БУДЗЬКО (на здымку), якая вось ужо 15 гадоў займаецца гэтай справай.

Калі Алеся закончыла Крыўлянскую сярэднюю школу, бацькі Георгій Паўлавіч і Таццяна Васільеўна падтрымалі яе імкненне працягваць шлях да ведаў. Дзяўчына выбрала ў жыцці дарогу юрыста і дзеля гэтага паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна.

Хоць у сям’і Алесі Георгіеўны раней не было юрыстаў, але ж сярод сваякоў нямала тых, хто звязаў лёс з правазнаўствам.

– Усе мае выкладчыкі былі надзвычай цудоўнымі, – расказвае Алеся Будзько, – акрамя ведаў, яны заклалі любоў на ўсё жыццё да будучай прафесіі.

На апошнім курсе дзяўчына вызначылася ў спецыяльнасці – выбрала для сябе натарыят. Сярод шматлікіх накірункаў юрыспрудэнцыі, лічыць наша гераіня, гэты накірунак найбольш “жаночы”, бо ў ім найчасцей працуюць менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

У сярэдзіне вучобы Алеся вызначылася канчаткова не толькі ў прафесіі, але й у асабістым жыцці. Лёс звёў з цудоўным хлопцам Андрэем. Разам стварылі добрую сям’ю. Вынікам іх кахання сталі дзве дачушкі – Аня і Даша. Малодшая пакуль чацвёртакласніца першай гарадской школы. А вось старэйшая ўжо вызначылася ў будучай прафесіі – вучыцца ў Брэсцкім філіяле каледжа бізнесу і права. Як некалі сама Алеся Георгіеўна спыталася парады ў бацькоў, так і яе дачка мела падказку ад матулі, куды пайсці вучыцца. Вядома, на юрыста!

Міжволі наша суразмоўніца вярнулася ў той дзень, калі атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі. З гэтым каштоўным дакументам вясной 2006 года яна ўладкавалася на першае месца працы, у сённяшняе сельгаспрадпрыемства “Арэпічы”. Сюды прыйшла на пасаду юрысконсульта, адпрацавала каля двух гадоў і 5 лістапада 2007-га стала стажорам дзяржаўнай натарыяльнай канторы Жабінкаўскага раёна. Пасля здачы адпаведнага экзамену жанчына атрымала пасведчанне на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці. Яна гаворыць:

– Натарыус стаіць на ахове правоў і законных інтарэсаў людзей, дзейнічае пры гэтым ад імя дзяржавы. У сферы маёй дзейнасці – шмат важных для грамадзян, сапраўды жыццёвых калізій, якія можа і павінен вырашаць натарыус.

Перш-наперш гэта пытанні, звязаныя з афармленнем спадчыны. Прычым працаваць даводзіцца не толькі з гараджанамі, але і перыядычна выязджаць на сяло, дзе людзям таксама вельмі патрэбна дапамога натарыуса. Акрамя таго, юрыст-спецыяліст працуе над афармленнем здзелак з адчужэннем маёмасці, даверанасцяў на прадастаўленне інтарэсаў у арганізацыях па самых разнастайных пытаннях і на распараджэнне рухомай і нерухомай маёмасцю. Вялікую дапамогу Алесі Георгіеўне аказвае кансультант Вольга АНДРАСЮК. Вольга Міхайлаўна кансультуе наведвальнікаў па натарыяльных пытаннях, вядзе папярэдні запіс на прыём да натарыуса, рыхтуе праекты дакументаў.

– І пры гэтым яна вельмі харошы чалавек! – ускліквае Алеся Георгіеўна.

А яшчэ вельмі цёпла яна адгукаецца пра Наталлю РУСЕЦКАС, якая ўзначальвала натарыяльную кантору ў той час, калі малады спецыяліст толькі-толькі пераступіла парог будынка на вуліцы Савецкай. Наталля Уладзіміраўна шмат чаму навучыла калегу, разам давялося адпрацаваць 14 гадоў.

– Заўсёды вельмі прыемна чуць словы ўдзячнасці ад людзей, калі вырашаюцца іх праблемы, – гаворыць натарыус. – Хочацца, каб яны звярталіся ў нашу арганізацыю толькі па прыемных прычынах. Здароўя, шчасця, поспехаў кожнаму.

Источник: газета "Сельская Прауда".

Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies