Пра смак Радзімы: як дзяўчаты з Гомельскай натарыяльнай акругі падтрымалі беларускае!

Сярод штодзённай мітусні і важных папераў мы нярэдка забываем, як важна спыніцца і прыгатаваць нешта сваё, дамашняе, сапраўднае. Менавіта таму, натарыусы Гомельскай натарыяльнай акругі Аляксандра Сувалава і Вераніка Станкевіч з задавальненнем далучыліся да выдатнай ініцыятывы «Кожная пятніца — роднае, сваё». Гэта праект пра любоў да сваёй зямлі і да прадуктаў, якія на ёй выраслі.
Дзяўчаты вырашылі прыгатаваць стравы, якія пахнуць беларускай хатай. І выкарысталі для гэтага толькі найлепшыя мясцовыя прадукты:
Мачанка з чачоткамі — сытная і духмяная, якую спрадвеку ставілі на стол пасля цяжкага дня. Муку для яе ўзялі мясцовага памолу — сапраўдную, жытнюю.
Бабуліна бабка — без хітрыкаў: смятанка і бульбачка выключна ад беларускіх фермераў. Той самы смак дзяцінства, які не зблытаеш ні з чым!
Наліснікі з тварагом — пяшчотныя, румяныя, з малака, яек і тварагу айчыннай вытворчасці. Проста, але так па-беларуску смачна! Няхай на нашых сталах часцей з’яўляюцца прадукты, зробленыя з любоўю ў Беларусі!