Натарыус Маргарыта Клімовіч: "Упэўнена, я прыношу карысць людзям!"
Маргарыта Клімовіч – добры і таварыскі чалавек. Лічыць галоўным у жыцці справядлівасць і жыве па прынцыпе «адносся да людзей так, як хочаш, каб яны да цябе адносіліся».
Правазнаўцам Маргарыта вырашыла стаць яшчэ тады, калі вучылася ў 8 класе сярэдняй школы № 3 у Стоўбцах. Каб пераканацца ў правільнасці свайго выбару, паступіла ў юрыдычны каледж, а потым – у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Працоўная дзейнасць дзяўчыны пачалася з пасады юрысконсульта ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Быў перыяд, калі яна шчыравала ў сталіцы. Цяпер практычна два гады Маргарыта працуе ў Стаўбцоўскай натарыяльнай канторы.
– Для таго каб стаць натарыусам, неабходна мець стаж працы па спецыяльнасці не менш за тры гады, – расказвае Маргарыта Клімовіч . – Пасля – прайсці прафесійную стажыроўку і здаць кваліфікацыйны экзамен.
Яна абрала прафесію, каб працаваць з людзьмі, бо ўпэўнена, што можа прыносіць ім карысць. І гэта яе натхняе.
– Да нас звяртаюцца розныя людзі, большасць з іх – сталага ўзросту, – працягвае размову натарыус. – Трэба ўмець іх выслухаць, знайсці падыход, а часам і аб жыцці пагаварыць.
Маргарыта разумее вялікую адказнасць, якую даводзіцца браць на сябе штодня. Натарыус не толькі ставіць подпіс і пячаць, ён дае «жыццё» дакументу, які, магчыма, сур’ёзна паўплывае на лёсы людзей. За дзень да натарыуса прыходзяць у сярэднім 12-15 кліентаў.
Мінулым летам Маргарыта Клімовіч прыняла ўдзел у праекце «Прававы экспрэс», які арганізавалі Беларуская натарыяльная палата і Беларуская чыгунка. Падчас яго натарыусы ездзілі па гарадах і праводзілі бясплатнае кансультаванне грамадзян.
Напружаная праца патрабуе эмацыянальных затрат, пасля чаго адпачынак проста неабходны. Насыціцца энергіяй Маргарыце дапамагаюць вячэрнія прагулкі з мужам і дачкой.
Муж Анатолій працуе ў раённым аддзеле Следчага камітэта, а дачка Улада наведвае дзіцячы садок. Маргарыта расказвае, што кожны Новы год яны ладзяць сямейную фотасесію. А яшчэ Улада мае не зусім звычайнае для дзяўчынак хобі: яна захапляецца рыбалкай. Разам з татам яны бавяць шмат часу на вадаёмах, нават з начлегам. Мама чакае іх дома, гатуе смачную страву, каб парадаваць сваіх рыбакоў.
Сайт газеты "Прамень"