Няма права на памылку! Даведаліся, як працуе высокапрафесійная каманда натарыусаў
У свеце юрыспрудэнцыі нямала значных для грамадства прафесій. Сярод іх – і натарыусы.
У натарыяльнай канторы Стаўбцоўскага раёна працуе высокапрафесійная каманда натарыусаў – Галіна Чыкун і Маргарыта Клімовіч. Гэта дасведчаныя юрысты з добрай практыкай, здольныя разабрацца з самымі няпростымі пытаннямі. Незаменнымі памочнікамі натарыусаў з’яўляюцца кансультанты Алена Снігур і Тамара Галаўко, апошняя з якіх, дарэчы, у наступным годзе адзначыць 30-годдзе працоўнай дзейнасці ў натарыяльнай сферы. Узначальвае дружны калектыў загадчыца натарыяльнай канторы Святлана Ягадзінская.
У сваёй дзейнасці натарыусы забяспечваюць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб.
– Колькасць натарыяльных дзеянняў расце штогод. Для таго каб якасна аказваць дапамогу нашым грамадзянам, трэба быць сапраўдным прафесіяналам, – лічыць Святлана Ягадзінская. – Кожны натарыяльна засведчаны дакумент мае сілу закона, таму ў нашай прафесіі няма права на памылку.
Святлана Анатольеўна расказвае, што ў заканадаўстве шмат нюансаў, у якіх, нягледзячы на даступнасць інфармацыі, без спецыяліста не разабрацца. Засведчыць здзелкі з нерухомасцю, сапраўднасць подпісу на дакументах, пераводах, завяшчанне, пагадненне аб выплаце алі ментаў ці падзеле агульнай маёмасці, нажытай мужам і жонкай, выдаць пасведчанне аб праве на спадчыну – гэта толькі частка натарыяльных дзеянняў, якія ажыццяўляе натарыус.
Хтосьці можа палічыць гэтую прафесію крыху нуднай: увесь час у кабінеце за сталом, праводзіць кансультацыі і працаваць з паперамі. Святлана Анатольеўна так не думае.
– Большую частку часу мы маем зносіны з людзьмі, – кажа яна. – Таму прафесія натарыуса патрабуе не толькі прававых ведаў, але і маральнай, псіхалагічнай устойлівасці. Ён павінен дапамагаць, тлумачыць, даваць вычарпальныя кансультацыі. Шмат даводзіцца займацца самаадукацыяй.
Дарэчы, да дзяржаўных свят у Стаўбцоўскай натарыяльнай канторы склалася добрая традыцыя праводзіць бясплатныя кансультацыі па прававых натарыяльных пытаннях. Запісацца можна і папярэдне, каб не марнаваць час у чарзе.
Перад натарыятам стаіць задача аказваць высокакваліфікаваныя натарыяльныя паслугі незалежна ад таго, дзе жыве кліент: у сталіцы, раённым цэнтры ці вёсцы. Натарыусы ўжо даўно і ў пастаянным рэжыме працуюць з сельскім насельніцтвам у аграгарадках, куды ажыццяўляюцца выезды для прыёму грамадзян.
– Не кожны чалавек можа асабіста дайсці да канторы. Таму натарыус па просьбе асобы, якая звярнулася, выязджае на дом або ў арганізацыю, – дапаўняе Святлана Ягадзінская. – Часцей за ўсё кліенты звяртаюцца з пытаннямі, якія датычаць спадчыны. І гэта самае складанае з псіхалагічнага пункта гледжання. Трэба адзначыць, што мы вырашаем толькі бясспрэчныя справы. Калі заяўнікі не змаглі дамовіцца паміж сабой, ім давядзецца звярнуцца ў суд.
Напрыканцы гутаркі Святлана Ягадзінская прызналася: «Люблю прафесію за тое, што магу дапамагаць людзям. Ад кожнага пачутага «дзякуй» на душы становіцца цяплей. Не выгараць дапамагае падтрымка калег. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю ім пазітыўнага настрою, моцнага здароўя і аптымізму, новых сіл і энергіі, няхай работа ідзе спорна і прыносіць задавальненне».
Крынiца: сайт газеты "Прамень"