Единая информационная линия

Захавальнікі людскіх гісторый

2 декабря 2022
Минская область

4 снежня –Дзень юрыста !

IMG_13f2ee089102d363cbaa64d2f25ac5ce_V-_1_.jpgНатарыяльную кантору Валожынскага раёна больш за тры дзясяткі гадоў узначальвае Марына ЦЕЛЯЖЭВІЧ. Прафесіянал сваёй справы – адзначана шматлікімі ўзнагародамі рознага ўзроўню. Штодзённая праца – новыя жыццёвыя гісторыі: розныя, непаўторныя, асабістыя. І хоць з пункту гледжання закона натарыус, як юрыст, здзяйсняе толькі строга вызначаныя натарыяльныя дзеянні, насамрэч у кожнай канкрэтнай сітуацыі ёй даводзіцца быць і сведкай, і псіхолагам, і кансультантам, і абаронцам правоў, і, у нейкай ступені, захавальнікам чалавечых сакрэтаў. А іх, пагадзіцеся, можна даверыць не кожнаму.

У паўсядзённым жыцці Марына Рыгораўна – выдатны расказчык і вельмі цікавы суразмоўца. Пра выбар прафесіі, штодзённыя будні і працу кіраўніка наш сённяшні аповед.

– Першым працоўным месцам стала база “Імпартгандаль” у Брэсце – пасля вучобы накіравалі туды. А патрапіла выпадкова – напачатку размеркавалі ў праваахоўныя органы. Бо на выбар прафесіі, як ні банальна гэта гучыць, паўплывалі кінастужкі пра следчых, сышчыкаў: асабліва ў дзяцінстве падабаўся фільм “Следства вядуць знатакі…”. І калі ўсе дзяўчаты гулялі ў медсясцёр, у лялькі, то сярод аднагодкаў была любімая гульня ў разведчыкаў. Безумоўна, камандзірам назначаўся хлопец, ну а я – разведчыцай. Вырасла ў Пяршаях: там і лес, і цудоўны парк з помнікам загінуўшым воінам – дарэчы, мы ведалі на памяць усе іх прозвішчы. А ў школьным музеі “падпрацоўвала” юным экскурсаводам і вяла раздзел пра Вялікую Айчынную вайну. Нас было 5-6 экскурсаводаў, усім загадвала Марыя Іосіфаўна Пратасевіч-Русовіч.

Матуля жадала, каб я стала ўрачом – безліч довадаў прыводзіла. Аднак унутрана адчувала: гэта не маё. Валодала нейкая незразумелая цяга – вельмі хацелася прымаць удзел у расследаваннях. Хоць параіцца ці запытацца не было ў каго, ды і сярод сваякоў юрыстаў не было. Паступіла і з задавальненнем вучылася: сказаць, што хаця б адзін раз пашкадавала, што не стала ўрачом, – не. На 3-м курсе выбрала аператыўна-пошукавую спецыялізацыю, а калі пабыла на практыцы ў Цэнтральным аддзеле міліцыі ў Мінску, крыху перагледзела свае адносіны да работы следчага і вырашыла, што гэта мужчынская справа.

Брэсцкая база “Імпартгандаль” забяспечвала імпартнымі таварамі ўвесь Савецкі Саюз. У аддзеле працавалі 12 чалавек: тут займаліся іскамі, прэтэнзіямі – карацей, цэлы дзень “сядзелі” ў паперах. Праз год работы Марына Рыгораўна зразумела: неабходны жывыя зносіны з чалавекам. Тым больш, што не стала бацькі, маці засталася адна – ёй патрэбна была падтрымка і апора. Яна вырашыла вярнуцца на малую радзіму. Сёння заўважае: “Ніколі не думала, што буду працаваць у Валожыне – лічыла, што юрысты ёсць толькі ў буйных гарадах, там, дзе вялікія кампаніі, прадпрыемствы ці арганізацыі”.

Якраз у той час М. М. Фамін, натарыус Валожынскага раёна, адыходзіў на пенсію. І як трапна заўважана: аднойчы своечасова зробленыя крокі мяняюць паходку ўсяго жыцця. Яе жыццё і працоўная дзейнасць насамрэч змяніліся кардынальным чынам. Будынак, дзе знаходзіўся кабінет натарыуса, размяшчаўся па вуліцы Чапаева, 9. Само памяшканне належала добраахвотнаму пажарнаму таварыству. Тры дні спатрэбілася на перадачу спраў, пры гэтым Міхаіл Міхайлавіч зазначыў: “Людзей бывае за дзень няшмат, таму змарыцца не паспееш. Можа, часам будзе нават сумна. Прынясі мастацкай літаратуры – пачытаеш”. Пасля такіх слоў маладой работніцы здалося, што яна патрапіла ў рай. Тыдзень разбіралася ў Кодэксе, дакументах, а пасля на месяц паехала на курсы ў Мінскую абласную натарыяльную кантору, дзе, па словах Марыны Рыгораўны, і на той час, і зараз працуюць сапраўдныя прафесіяналы: “Лілію Францаўну Мароз да гэтага часу лічу сваёй галоўнай настаўніцай – вельмі граматны спецыяліст. Шмат дапамагла мне і Раіса Мікалаеўна Лукашэвіч”.

– Да абавязкаў натарыуса прыступіла 4 чэрвеня 1991 года. У гэтай службе насамрэч зусім іншая работа, а вось адчуваць сябе прывольна не ўдалося – з першага дня пайшоў наплыў людзей. Пра тое, каб зачыніць дзверы канторы па графіку работы, нават і гутаркі не было: кліентаў хапала да 20 гадзін – менавіта ў столькі адпраўляўся апошні аўтобус, на якім ехала дадому. Што спадабалася: людзі ідуць да цябе, як да самага важнага і, галоўнае, усёведнага чалавека. Ты павінен разумець: як падзяліць спадчыну, як штосьці набыць ці прадаць. Так і казалі: “Парайце, як лепш зрабіць”. Хаця ніяк нельга параіць, што лепш, бо завяшчанне і дарэнне – абсалютна розныя здзелкі, але можна расказаць вынікі аднаго і другога, а чалавек зробіць выбар. Надараецца, ён не заўсёды бывае правільны.

У 1993-м нашу службу перасялілі ў цяперашні будынак, а кнігі мастацкай літаратуры, якія разлічвала пачытаць, знайшла пры пераездзе. Пачалася прыватызацыя. Натарыяльная кантора займала адзін невялікі пакой, і ўсе жадаючыя аформіць патрэбныя дакументы тоўпіліся ў калідоры. Працавала я адна, – так успамінае першыя гады работы Марына Целяжэвіч.

З 90-х гадоў захоўваю пісьмо, у якім пажылы чалавек з-за нямогласці просіць прыехаць да яго на дом і вельмі паважліва піша: “Пан натарыус”, “са шчырай павагай да Вас”, “будзьце добразычлівыя”, “калі ласка, паслухайце мяне”. Села ў сераду, у нас быў непрыёмны дзень якраз, на аўтобус, адшукала дом па адрасе на канверце: бабуля аказалася ляжачая. Не моцна ў хату хацелі пускаць родныя, а я пісьмо паказваю: маўляў, мяне на кансультацыю выклікалі. І бабуля запыталася, што хацела, і паплакала, і расказала, і родныя стаялі прысаромленыя, бо, як аказалася, жылі ў яе доме. Мы цудоўна развіталіся, бабуля ўдакладніла, што жадала, а пасля суседзі казалі, што ў сям’і нават адносіны да старога чалавека ў лепшы бок памяняліся. Вось тады зразумела: прафесія натарыуса – адна з такіх даверных, можна нават сказаць, сакрэтных. Ты быццам усё пра людзей ведаеш, але не павінен свае пажаданні ім навязаць.

У 1994 годзе ўвялі стаўку кансультанта – дарэчы, першым кансультантам стала сённяшні старшыня суда Валожынскага раёна Таццяна Несцярэўская. Праз тры гады дабавілі адзінку другога натарыуса, праз год – яшчэ адну. Безумоўна ж, нагрузка значна зменшылася, хаця на працягу года здзяйснялася па 6 тысяч дзеянняў. З’явіліся новыя натарыяльныя дзеянні, з цягам часу некаторыя сталі адыходзіць, разнастаілася практыка афармлення спадчынных спраў: у спадчыну траплялі не толькі дамы, маёмасць, уклады, але і прыватызаваныя кватэры. У 2006 годзе пачалі афармляць першыя шлюбныя дагаворы.

Натарыус кардынальна лёс чалавека не мяняе – здзелкі робяцца на паперы. А вось на маральны і псіхалагічны стан, сваяцкія адносіны такія дзеянні могуць паўплываць карэнным чынам.

На сёння ў натарыяльнай канторы з загадчыкам вядуць прыём яшчэ 2 натарыусы. Калегамі з’яўляюцца Алена Сікорская і Кацярына Карніцкая, а таксама кансультант Вольга Зайкоўская. Кожны тыдзень натарыусы выязджаюць у аграгарадкі – робіцца гэта толькі па папярэдняй заяўцы. Працяглы час свой натарыус быў у Ракаве – яго пасля скасавалі. У 2003 годзе адкрылі асобную натарыяльную кантору ў Івянцы, яшчэ адну ў Валожынскім раёне: там і зараз працуе Уладзімір Карабан.

У народзе кажуць: гаварыць праўду трэба перад урачом, святаром і адвакатам. Я б праз коску дапісала: і перад натарыусам таксама. Бо ў кожнага свая сітуацыя, і самы нязначны нюанс можа ўсё перавярнуць і змяніць. Успаміны з 90-х гадоў засталіся, як адна матуля падарыла дом сыну, а на наступны дзень ён выселіў яе са сваёй жа хаты. Потым тэлефанавалі суседзі і расказвалі – сама жанчына не хацела ісці ў суд, каб не зняславіць сына. Хочацца адзначыць, што, акрамя дагавора дарэння, завяшчання, існуе таксама дагавор з пажыццёвым утрыманнем, дзе апісаны ўсе ўмовы, якія можна канкрэтна пералічыць – і яны будуць абавязковыя для выканання. Таму вялікае значэнне мае разуменне сітуацыі і ўнутраная ўпэўненасць чалавека перад прыняццем рашэння, які натарыяльны дакумент ён хоча засведчыць. Сёння як натарыус магу сказаць, што толькі з практыкай і вопытам прыходзіць нейкая жыццёвая мудрасць.

– Сярод юрыстаў прафесію натарыуса лічу адной з самых дастойных: мне да гэтага часу цікава рабіць тое, чым я займаюся, – расказвае Марына Рыгораўна. – І буду вельмі рада, калі камусьці дапамагла кансультацыяй, бо парад натарыус не дае – ён можа толькі накіраваць на патрэбную думку. Аднак не магу сказаць, што заўсёды ўсё гладка і ідэальна: мабыць, нейчую сітуацыю ты “не пражыў” за 5 хвілін так, як табе расказалі. Бывае, не ўсе дакументы прадаставілі, не ўсе моманты ўлічылі, не расказалі пра ўсіх наследнікаў, бо некаторым людзям хочацца крышачку захаваць сваю тайну – так бы мовіць, не выносіць смецце з хаты. Спецыфіка ж нашай работы патрабуе дакладнасці і максімальнай адкрытасці. На жаль, не ўсё, што жадаюць грамадзяне, можна зрабіць выключна з заканадаўчага боку: ці гэта не прадугледжана, ці, наадварот, па законе зусім па-іншаму будзе зроблена. Але натарыусы стараюцца працаваць так, каб чалавек, які сюды звярнуўся, выйшаў ад нас задаволены – з упэўненасцю ў правільнасці прынятага рашэння.

Быў такі кур’ёзны выпадак. Прыйшла жанчына, сварыцца і кажа: “Зараз прыйдзе Светка – я хачу перапісаць завяшчанне, бо той Светцы, якая была мінулы раз, не давяраю, хачу на іншага напісаць”. І тут, складаючы завяшчанне, мы бачым: не піша Светка, не пішам Светцы і сведка не Светка. Дык дзе якая Светка? Аказалася, гэта “свидетеля” (на рускай мове) называла “сведка”.

– Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць усіх калег з надыходзячым прафесійным святам. Быць юрыстам – вялікі гонар і адказнасць, бо кожны на сваім рабочым месцы забяспячвае правы і законныя інтарэсы грамадзян і дзяржавы. Няхай ваша праца заўсёды прыносіць поспех і задавальненне, – пажадала загадчык натарыяльнай канторы Валожынскага раёна Марына Целяжэвіч.

Крынiца: https://valozhin.by/02122022/zahavalniki-lyudskih-gistoryj/

Поделиться в социальных сетях:
Этот сайт использует файлы cookies для более комфортной работы пользователя. Продолжая использовать сайт и нажимая на кнопку «ОК», пользователь подтверждает, что ознакомился с условиями Политики обработки персональных данных, соглашается с использованием файлов cookies