Консультация нотариуса: как оформить наследство?
На пытаннi чытачоў газеты "Патрыёт" адказвала натарыус Вiцебскай натарыяльнай акругi Жанна Каваленка.
У жніўні памёр бацька. Засталася кватэра, у прыватызацыі якой прымалі ўдзел ён, маці (памерла дзесяць гадоў таму), я і мой брат. Хворага бацьку да смерці даглядаў я, брат ніякага ўдзелу не прымаў і сказаў, што яму нічога не трэба, афармляць ён нічога не будзе і да натарыуса не пойдзе. Як можна вырашыць пытанне са спадчынай без брата?
- Сітуацыя сапраўды складаная: кватэра з’яўляецца ўласнасцю ўсіх членаў прыватызацыі, а яшчэ аднаго з іх – вашай маці, даўно няма ў жывых. У склад спадчыны ўваходзіць толькі тое, што належыць памерламу, і для яе афармлення неабходна заключыць пагадненне аб вызначэнні доляў удзельнікаў прыватызацыі. Яно будзе заключацца паміж Вамі, як удзельнікам прыватызацыі і як спадчыннікам, а таксама Вашым братам, як удзельнікам прыватызацыі. Калі брат не можа ці не хоча звяртацца ў натарыяльную кантору, ён можа даверыць іншай асобе (але толькі не Вам) быць яго прадстаўніком, выдаўшы на гэта даверанасць, па якой прадстаўнік зможа заключыць пагадненне аб вызначэнні доляў у прыватызаванай кватэры з улікам укладзенай братам жыллёвай квоты. Магчыма, брату не патрэбна доля кватэры як удзельніку прыватызацыі, тады ў даверанасці ён можа прадугледзець права атрымаць грашовую кампенсацыю за належачую яму долю кватэры.
Калі ж Ваш брат не захоча вырашыць гэтае пытанне і праз выдачу даверанасці, то натарыус не зможа выдаць пасведчанне аб праве на спадчыну і для вырашэння праблемы Вам давядзецца звярнуцца ў суд.
У пачатку двухтысячнага года мы прыватызавалі дом, дагавор аформілі на імя мужа, які памёр у 2009-м. Калі ў мяне паўстала праблема з пастаўкай газу, я вырашыла аформіць спадчыну на дом, але як высветлілася, дагавор і права ўласнасці на дом муж пры жыцці не зарэгістраваў у арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі. Як быць у гэтай сітуацыі, куды неабходна звярнуцца, каб аформіць спадчыну?